Цялушскія школьнікі спаборнічалі ў ведах па бяспечнай жыццядзейнасці
Міжведамасная рэспубліканская акцыя “Адзіны дзень бяспекі” праходзіць у краіне з 20 лютага па 1 сакавіка. Яе задачы — фарміраванне ў грамадстве культуры бяспекі жыццядзейнасці, правядзенне выхаваўчай работы з падрастаючым пакаленнем і інш. У Бабруйскім раёне ў гэтыя дні запланавана правядзенне разнастайных мерапрыемстваў па папярэджанні надзвычайных сітуацый, правапарушэнняў і злачынстваў, па навучанні дзяцей паводзінам бяспечнай жыццядзейнасці.
У Цялушскім ВПК “Дзіцячы сад-СШ” прайшоў “Светлафорны рынг” сярод вучняў 4-6-х класаў. Мерапрыемства наладзілі аддзел па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і раённы аддзел унутраных спраў пры садзеянні спецыялістаў Дзяржаўнага энергетычнага і газавага нагляду па Магілёўскай вобласці. Праз выкарыстанне гульнёвай формы ўвагу школьнікаў (каманды “Зебра” і “Светлафорыкі”) засяродзілі на правілах бяспечных паводзінаў пры перамяшчэнні па вуліцы, пераходу дарогі, у грамадскім транспарце, пры выкарыстанні электрапрыбораў, а таксама ў іншых сітуацыях, якія патрабуюць ад дзіцяці павышанай увагі.
— Раённым аддзелам па адукацыі запланавана правядзеннем трох значных мерапрыемстваў на тэму бяспечнай жыццядзейнасці. Наступнае пройдзе ў Глушанскім ВПК “Дзіцячы сад-СШ”, дзе да нас далучыцца яшчэ гаррайаддзел па надзвычайных сітуацыях, а 26 лютага — анлайн-відэаўрок бяспекі для старшакласнікаў раёна з удзелам усіх зацікаўленых службаў. Імкнемся зрабіць сустрэчы з дзецьмі не толькі выхаваўчымі, але цікавымі і запамінальнымі, — адзначыла метадыст аддзела па адукацыі, спорце і турызму Вікторыя Шунько.
Старшы дзяржаўтаінспектар аддзела ДАІ Бабруйскага РАУС Ігар Чарноў пры падвядзенні вынікаў конкурсу — каманды набралі па аднолькавай колькасці балаў — парэкамендаваў дзецям абмеркаваць набытыя веды з бацькамі і сябрамі. Інспектар Бабруйскага МРА філіяла ўстановы “Дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд” Ганна Жаўняровіч заклікала памятаць, што парушэнне правілаў электрабяспекі можа прывесці да трагічных наступстваў.
У заключэнні мерапрыемства Вікторыя Шунько, Ігар Чарноў, інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Кацярына Буднік і Ганна Жаўняровіч уручылі школьнікам флікеры, раздатачны матэрыял па тэмах прафілактыкі дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму і электрабяспекі, а таксама салодкія падарункі.
Да слова сказаць, акцыя “Адзіны дзень бяспекі” праходзіць у краіне двойчы на год — у лютым і верасні.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.