Асновам бяспечнай жыццядзейнасці неабходна вучыць
Адзіны рэспубліканскі дзень бяспекі праходзіць у раёне з 20 лютага па 1 сакавіка. У яго рамках адбыліся раённыя міжведамасныя мерапрыемствы.
23 лютага у Цялушскім ВПК “Дзіцячы сад-СШ” аддзелам па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, АДАІ раённага аддзела ўнутраных спраў пры садзеянні Бабруйскага міжраённага аддзялення філіяла “Дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд” праведзеан гульня-конкурс для вучняў 4-6 класаў “Светлафорны рынг”.
25 лютага раённае міжведамаснае мерапрыемства ў рамках Адзінага дня бяспекі прайшло ў Глушанскім ВПК “Дзіцячы сад-СШ”. Аддзелам па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама была арганізавана работа інтэрактыўных пляцовак, прысвечаных тэме.
Са спецыялістамі Бабруйскага гаррайаддзелу па надзвычайных сітуацыях вучні 1-11 класаў вывучалі і замацоўвалі правілы пажарнай бяспекі. З работнікамі аддзела ДАІ раённага аддзела ўнутраных спраў — правілы дарожнага руху. З інспектарамі Дзяржаўнага энергетычнага і газавага нагляду — электрабяспекі. Прадстаўнікі раённай арганізацыі “Беларускі чырвоны крыж” заакцэнтавалі ўвагу школьнікаў на правілах аказання першай медыцынскай дапамогі. Супрацоўнікі РАУС, камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама і Бабруйскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра — на правілах здаровага ладу жыцця, адказнасці вучняў за свае ўчынкі.
Конкурсна-гульнявую праграму «Азбука бяспекі» сярод вучняў 1-5-х класаў у Каменскай СШ правялі педагог-арганізатар Цэнтра творчасці Бабруйскага раёна Алеся Малюкова і спецыяліст сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю гаррайаддзела па НС Уладзімір Бутко.
У ходзе мерапрыемства арганізатары распавялі дзецям пра тое, якія рызыкоўныя сітуацыі з імі могуць здарыцца ў паўсядзённым жыцці, спосабах выратавання з іх і як пазбегнуць. Дарослыя са школьнікамі ў гульнёвой форме змадэлявалі шлях са школы да дому, праверылі веданне правілаў дарожнага руху, прайгралі па ролях, што будзе рабіць дзіця, калі засталося адно ў кватэры, як яму дзейнічаць, калі загарэўся тэлевізар, адзенне або чайнік на пліце, і падмацавалі веды даступнымі прыкладамі. Гульня, у якой вучні разбіліся на дзве каманды — дзяўчынак і хлопчыкаў, прайшла весела і пазнавальна. Школьнікі годна справіліся з усімі выпрабаваннямі. Як адзначыла Алеся Малюкова, гэтае мерапрыемства было накіравана на павышэнне дасведчанасці дзяцей у пытаннях бяспечнай жыццядзейнасці.
У канцы гульні самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі ад БГРАНС салодкія прызы і тэматычныя сувеніры.
Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву аддзела па адукацыі, спорту і турызму.