Дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу М.М. Стрыжэўскі: “Хвалюе далейшае развіццё сельскагаспадарчай галіны”
У ліку шасці дэлегатаў ад Бабруйскага раёна на Усебеларускі народны сход, які мае адбыцца ў наступным месяцы, і дырэктар філіяла “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік АграСэрвіс” Міхаіл Стрыжэўскі. Датычным да сельскагаспадарчай галіны раёна наўрад ці трэба тлумачыць, чым заслужыў гэты чалавек давер. З часу, калі Міхаіл Стрыжэўскі ўзначаліў калектыў, гаспадарка ўпэўнена нарошчвае аб’ёмы вытворчасці сельгаспрадукцыі, укараняе новыя тэхналогіі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, трывала ўтрымлівае перадавыя пазіцыі ў раёне па ўдоях малака на адну карову, штораз павялічваючы паказчык папярэдняга года. А вынік такой дзейнасці — годны заробак у работнікаў сельгаспрадпрыемства.
Дырэктару Стрыжэўскаму, як і іншым дэлегатам форуму, мы задалі некалькі пытанняў.
— Міхаіл Мікалаевіч, з якім настроем збіраецеся на Усебеларускі народны сход?
— Быць дэлегатам сходу для мяне з аднаго боку гонар, з другога — да многага абавязвае. І, вядома ж, крышачку хвалююча — усё ж-такі еду ўпершыню. У цэлым жа спадзяюся на прадуктыўную работу форуму.
— На якія вынікі Усебеларускага народнага сходу разлічваеце найперш?
— Працую ў сельскай гаспадарцы, таму мяне найперш хвалюе далейшае развіццё гэтай галіны, у прыватнасці, пытанні тэхнічнага перааснашчэння, вывядзення новых парод жывёлы, якія б былі ўстойлівымі да цеплавых стрэсаў. Выспела, лічу, неабходнасць вывядзення новых гатункаў сельскагаспадарчых раслін, лепш прыстасаваных да засушлівага клімату, каб, максімальна ўкладваючыся, мы маглі атрымліваць і максімальна магчымыя ўраджаі. Таксама надзвычай хвалюе і хацеў бы пачуць, якія меры плануецца прыняць па замацаванні маладых спецыялістаў у сельгасарганізацыях — вясковае насельніцтва старэе, а праблема дэфіцыту кадраў ужо і цяпер стаіць.
— У вас як вопытнага сельгасніка-практыка, упэўнена, ёсць і сваё бачанне вырашэння многіх, звязаных з галіной, праблем. Калі б была магчымасць выступіць на форуме, якія б парады далі адносна вырашэння таго ж кадравага пытання — замацавання моладзі на сяле?
— Лічу, што спецыяліста да работы трэба рыхтаваць ад першага курса ў той арганізацыі, якая яго замаўляе. Шырока ўкараняць практыку на канкрэтна яго будучым прадпрыемстве. Гэта маладога чалавека і да калектыву “прывяжа”, і новыя абавязкі не абернуцца стрэсам. Гаспадарка ў сваю чаргу будзе зацікаўлена ўкладваць у будучага свайго работніка веды па-максімуме, а можа, чаму б не, падтрымліваць на працягу вучобы: плаціць не стыпендыю, а заробак. Словам, студэнт з першых дзён вучобы павінен адчуваць сябе членам калектыву, жыць яго справамі і памкненнямі. Да таго ж, варта даваць маладому спецыялісту такі “калідор ведаў”, якія і цяпер, і праз 5-10 год будуць запатрабаваны на гэтым прадпрыемстве. І, вядома ж, трэба будаваць жыллё для маладых спецыялістаў — у гарадах будоўля вядзецца актыўна, хацелася б такога і для аграгарадкоў.
Наша даведка
Міхаіл Мікалаевіч Стрыжэўскі нарадзіўся ў 1965 годзе, у Бабруйску.
Працоўную дзейнасць пачаў у 1982 годзе слесарам рамонтнай майстэрні саўгаса “Калінаўка”. Пасля службы ў войску, у 1985 годзе, стаў за трактарыста Любанскага міжраённага ўпраўлення асушыльных і арашальных сістэм. Пасля сканчэння ў 1990 годзе Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі (спецыяльнасць “гідрамеліярацыя”) і да 2004 года прайшоў шлях ад загадчыка рамонтнай майстэрні, галоўнага інжынера да старшыні праўлення калгаса “Прагрэс”, Бабруйскага СВК “Калгас “Прагрэс”. На працягу дзесяці год, з 2004 па 2014 гады, быў намеснікам старшыні СВК “Калгас імя А. Неўскага”. І вось ужо 6 год — намеснік дырэктара па сельскагаспадарчых пытаннях-дырэктар філіяла “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік” (з 2020-га — “Чырвоны харчавік АграСэрвіс”).
Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву.