Раённыя службы прафілактыкі звяртаюцца да бацькоў напярэдадні канікул
Наперадзе — зімовыя школьныя канікулы. І калі ў дзяцей галоўная турбота — як цікава іх правесці, то задача дарослых — паклапаціцца пра бяспеку хлопчыкаў і дзяўчынак у гэты перыяд, папярэдзіць любыя непрыемнасці з іх удзелам.
Традыцыйна вялікую ролю ў гэтым бяруць на сябе раённыя службы прафілактыкі. Паасобку і сумесна праводзяць з дзецьмі і дарослымі ўсемагчымыя мерапрыемствы па бяспечнай жыццядзейнасці. Вось і 18 снежня на платформе Zoom для вучняў 10-11-х класаў была наладжана відэаканферэнцыя па тэме “Бяпечныя канікулы”. Удзел у ёй прынялі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Праташчык, старшы памочнік пракурора раёна Аляксандра Лукоўская, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Вікторыя Шунько, а таксама інспектар сектару прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Алена Крычко. Праз старшакласнікаў — такое рашэнне канферэнцыі — абмеркаванае будзе данесена да малодшых удзельнікаў вучэбнага працэсу, каб прафілактычнай інфармацыяй напярэдадні зімовага адпачынку былі ахоплены ўсе раённыя школьнікі.
Разам з тым службы прафілактыкі прадпрымаюць усемагчымыя захады “дастукацца” да бацькоў — тых, на кім асноўная адказнасць за ўчынкі, здароўе і жыццё непаўналетніх, заклікаць іх праявіць пільную ўвагу да пытанняў бяспечнай жыццядзейнасці сваёй і дзяцей.
Наталля Праташчык, намеснік старшыні камісіі па СН райвыканкама:
— Бацькам важна памятаць пра адказнасць за выхаванне дзяцей, забеспячэнне іх бяспекі ў паўсядзённым жыцці. Практыка нашай камісіі паказвае, што літаральна штогод супрацоўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў у навагоднюю ноч, у святочныя і перадсвяточныя дні выяўляюцца непаўналетнія ва ўзросце да 16 год, якія знаходзяцца ў начны час па-за жылля без суправаджэння дарослых. Адміністрацыйная адказнасць, якая за гэта прадугледжана, — не найбольшая непрыемнасць, калі параўноўваць з тым, што можа здарыцца з дзіцяці ўначы. Болей таго, падлеткаў выяўлялі не толькі без суправаджэння дарослых, але і ў стане алкагольнага ап’янення, а гэта ўжо адміністрацыйная адказнасць і ў дачыненні бацькоў — за неналежнае выкананне абавязкаў, і ў дачыненні непаўналетняга.
Не сакрэт, што да ўжывання алкаголю ў святочныя дні (здараецца, і супрацьпраўнага ўчынку) непаўналетняга часцяком падбухторвае кампанія, у якой адзначае свята. Таму ад непрыемнасці не застрахаваны і дзеці са станоўчай характарыстыкай па месцы вучобы, часта яны самі не разумеюць, як такое здарылася. Яшчэ горш — гаворка ўжо пра здароўе і жыццё — што падлеткі іншым разам ужываюць алкаголь, прынесены з дому, не ведаючы яго паходжання, не задумваючыся пра наступствы для жыцця. Між тым выпадкі, калі людзі труціліся этылавым спіртам, іншай недазволенай для ўжывання вадкасцю ў краіне не адзінкавыя. І тым болей самі бацькі не павінны прапаноўваць алкаголь дзецям, нават у нязначнай колькасці. Адказнасць за гэта — па крымінальным артыкуле.
Найлепшая мера прафілактыкі — размаўляць з дзецьмі, у тым ліку на тэму злачыннасці і наступстваў ад гэтага. Сёлета непаўналетнімі раёна ўчынена 3 крадзяжы, з якіх адзін — з удзелам дзяўчынкі. І хоць два ўчынкі, можна сказаць, справакаваны пацярпелымі (гучна паведамілі пра наяўнасць грошай, паклалі апошнія навідавоку), віна ўдзельнікаў ад гэтага не зменшваецца. Тое ж датычыцца ўдзелу дзяцей у дарожным руху — адпаведныя пратаколы сёлета таксама не адзінкавыя. Прычым, у двух выпадках упраўленне транспартным сродкам непаўналетнім перадалі самі бацькі — гэта значыць, уласнаручна падштурхнулі дзіця да супрацьпраўнага ўчынку. Па выніках пакаранне панеслі і адны, і другія. І добра, што абыйшлося без бяды, бывае ж і адваротнае.
Звяртаючыся да бацькоў, хачу нагадаць, што іх задача і абавязак — утрымаць дзіцяці ад неабдуманага кроку, зберагчы ад неабдуманага ўчынку. Дарослыя павінны ведаць, што ва ўстановах адукацыі і культуры раёна ў канікулярны час дзецям заўжды ёсць чым заняцца — працуюць гурткі па інтарэсах, ладзяцца ўсемагчымыя пазнаваўчыя і выхаваўчыя мерапрыемствы.
Наталля Ганчарова, дырэктар Бабруйскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра:
— Адзін з бацькоўскіх абавязкаў — стварэнне для дзяцей бяспечных умоў пражывання. За неналежнае выкананне дадзенага патрабавання прадугледжана крымінальная адказнасць у адпаведнасці з арт. 159 КК РБ “Пакіданне ў небяспецы” — наўмыснае пакіданне без дапамогі ў небяспечным для жыцця і здароўя асобы стане і немагчымасці прыняць меры да самазахавання па малалецтве, старасці, хваробе, бездапаможнасці.
Вядома, што ў навагоднюю ноч дарослым хочацца адчуць свята, святочны настрой. Прынята лічыць, што гэтаму лепш за ўсё садзейнічае спіртное. Між тым, меркаванне, што кубак шампанскага ніколькі не пашкодзіць — сумнеўнае, бо, як правіла, за адным можа быць яшчэ і яшчэ адзін. У стане алкагольнага ап’янення чалавек не можа адэкватна ўспрымаць свае дзеянні, а ў таго, хто выпіў, здавалася б, трошкі — кантроль над паводзінамі будзе аслаблены. Плата ж за ўжыванне спіртных напояў, як паказвае практыка, можа быць надзвычай вялікай. Гэта асабліва важна ўсвядоміць бацькам, на чыім выхаванні малалетнія, бездапаможныя дзеці — дашкольнага ўзросту, груднічкі. Тыя, хто ў адрозненне ад больш дарослых дзяцей, не зможа выбегчы з дому, звярнуцца за дапамогай і часта становяцца заложнікамі трагічных здарэнняў.
Да таго ж, ужыванне спіртных напояў дарослымі правакуе іх на вырашэнне адносінаў, сямейныя сваркі, канфлікты, зачастую з негатыўнымі наступствамі. У гэтай сувязі заклікаем дарослых папярэдзіць такія сітуацыі, не давесці да сямейнага канфлікту, да стану, калі розум “адключаецца” і ёсць верагоднасць прынесці іншаму шкоду не толькі псіхалагічную, але і фізічную. Памятайце, што найлепшы спосаб гэтага — наўпроч адмовіцца ад спіртнога.
Будзьце пільнымі таксама ў дачыненні любых электрапрыбораў, у тым ліку навагодніх гірляндаў, бенгальскага агню. Уважліва стаўцеся да эксплуатацыі пячнога ацяплення, каб не дапусціць смяротна небяспечнага ўгарнага газу. Сачыце, каб у маленькага дзіцяці не было доступу да калюча-рэжучых прадметаў, небяспечных вадкасцяў, запалак. І памятайце, што найлепшы сродак папярэдзіць бяду — пастаянна трымаць маленькага чалавечка ў полі зроку.
Вікторыя Шунько, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета раёна:
— Бацькі павінны ўсведамляць, што захаванне жыцця і здароўя дзяцей — іх галоўны абавязак. Дарослым важна разумець, што дзеці ад прыроды цікаўныя і даверлівыя, іх увага часта не сканцэнтравана. Таму, чым часцей яны будуць нагадваць дзіцяці нескладаныя правілы паводзінаў, тым больш верагодна, што тыя іх запомняць і будуць прымяняць.
Бацькам варта рэгулярна праводзіць з дзецьмі індывідуальныя размовы, тлумачыць правілы, выкананне якіх дапаможа захаваць здароўе і жыццё, вырашыць праблему вольнага часу дзіцяці. Пры гэтым не дапускаць з’яўлення непаўналетніх на вуліцы ў начны час без суправаджэння дарослых, пастаянна быць у курсе, дзе і з кім тыя бавяць час, папярэджваць размовы дзяцей з незнаёмцамі. Каб дзіця не стала ахвярай ці віноўнікам дарожна-транспартнага здарэння, — разам паўтараць правілы дарожнага руху, навучыць дзяцей быць надзвычай пільнымі на дарозе і ў грамадскім транспарце. Самім праяўляць асцярогу, выконваць правілы бяспекі, знаходзячыся разам з дзецьмі на гульнёвай ці спартыўнай пляцоўцы. Надзвычай важна звяртаць увагу дзяцей на выкананне мер пажарнай бяспекі — не даваць у рукі, не дазваляць выкарыстоўваць піратэхнічныя сродкі, не пакідаць малалетніх без нагляду, не падвяргаць сваё жыццё і дзяцей небяспецы, выходзячы на лёд на вадаёмах.
Словам, шаноўныя дарослыя, зрабіце ўсё магчымае, каб канікулы для вашых дзяцей прайшлі бяспечна, без надзвычайнасцяў, каб адпачынак стаў цікавым, прынёс аздараўленне.
Алена КАРПЕНКА.