Для дзяцей-сірот Міхалёўскага прытулку наладзілі навагодняе свята
Сёння ў госці да выхаванцаў дзіцячага прытулку Бабруйскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, у рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, завіталі спонсары і сябры. Адказныя работнікі райвыканкама на чале са старшынёй Аляксандрам Сухадольскім, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Гацко, прадстаўнікі раённай і гарадской заканадаўчай улады, Следчага камітэту, прафсаюзаў, духавенства ды іншых структур павіншавалі хлопчыкаў і дзяўчынак з надыходзячым Новым годам і Калядамі, парадавалі маленькіх, але ўжо “закранутых” бядой дзяцей заўжды чаканымі падарункамі, пажадалі ім цудоўнага настрою і радасных падзей.
— Ведайце, дзеці, што вам будаваць нашу краіну ў будучым. А для гэтага прыдзецца моцна папрацаваць — вучыцца. Ужо цяпер набірайцеся ведаў, выхоўвайце ў сабе адказнасць, смеласць, павагу да людзей, да родных, любоў да Радзімы. Вельмі хачу, каб вы былі здаровымі, каб у кожнага з вас здзейснілася запаветная мара, — адзначыў кіраўнік раёна і ўручыў калектыву ўстановы сертыфікат на надворнае гульнёвае абсталяванне, дзецям — цукеркавыя наборы.
Цацкі, салодкасці, неабходнае для побыту і развіцця, цудоўную навагоднюю казку-відовішча атрымалі выхаванцы ў падарунак ад іншых гасцей урачыстасці. Усе разам прысутныя зладзілі дзецям сапраўднае свята. І калі на такое будуць здольныя і іх бацькі, гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі, па словах загадчыцы прытулка Алы Сідаравай, стануць самымі шчаслівымі.
Падрабязнасці чытайцеў наступным нумары “раёнкі”, а зараз паглядзіце наш фотарэпартаж.
Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.