Уборачныя работы працягваюцца

Сёння-заўтра раён прыступіць да пробнай уборкі кукурузы на зерне — на гэтыя мэты заняты 3 370 гектараў плошчаў. Пакуль жа вядуцца традыцыйныя для пары капанне бульбы і цукровых буракоў, нарыхтоўка кукурузнага сіласу, у стадыі завяршэння — сяўба азімай збажыны.
Як сведчаць дадзеныя райсельгасхарчу, па стане на раніцу ўчарашняга дня бульба выкапана на плошчы 428 гектараў (пасаджана 548 га). У СВК “Гігант” (асноўны вытворца бульбы ў раёне) з 400 гектараў выкапаны 350 га пры сярэдняй ураджайнасці клубняў 295
ц/га. Паказчык ураджайнасці ў цэлым па раёне — 280 ц/га.
Цукровыя буракі ўбраны на плошчы 350 гектараў, што крыху болей за палову ад неабходнага (630 га). Сярэдняя ўраджайнасць працягвае ўтрымлівацца на планцы 330 ц/га з перавагай у бок ААТ “Неўскі-Агра” — 350 ц/га (ААТ “Міхалёўская Ніва” — 310 ц/га).
Працягваецца ўборка кукурузы на сілас — усяго ў раёне ўбрана
4 800 гектараў, або 90% плошчаў. У філіяле “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік АграСэрвіс” і філіяле “Варатынь” ААТ “БЗТДіА” дадзены від работ завяршылі. У цэлым нарыхтавана 70 000 тон сіласу, што з улікам працягу кампаніі і леташніх запасаў дазволіць дасягнуць неабходных аб’ёмаў гэтага травянога корму.
Працягваецца таксама сяўба азімай збажыны — пасеяна, у цэлым па раёне, 80% ад задання. У радзе гаспадарак: філіяле “Харчавік-Агра”, ААТ “Саўгас Кісялевічы”, СВК “Гігант” сяўба завершана. У філіяле “Варатынь” набліжаюцца да завяршэння — пасеяна 90% ад задання. Горш астатніх справы абстаяць у ААТ “Аграмашсэрвіс” — пасеяна меней за палову плошчаў. Аднак праблема з энерганасычанымі трактарамі (меліся паломкі) вырашана, і сітуацыя павінна выправіцца.
Варта адзначыць і тое, што дзяржзаказ на зерне раёнам цалкам выкананы. Апошнім паставілі 140 тон грэчкі — культуру вырошчвалі ў ААТ “Агракамбінат Бабруйскі”, “Аграмашсэрвіс” і “Неўскі-Агра”.
Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву.