«Тата варты таго, каб пра яго памяталі»
З кожным годам сведкаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны становіцца менш. Але ў многіх сем’ях да гэтага часу пераказваюць гісторыі сваіх герояў, захоўваюць памяць аб памерлых блізкіх. Гэты матэрыял быў надрукаваны ў Сенненскай раённай газеце, але рэдкалегія «Трыбуны працы» вырашыла размясціць яго на старонках нашага выдання, бо жыццё дачкі героя аповеда Антаніны Заяц цесна звязана з Бабруйскім раёнам.
«Мой тата таксама герой», — менавіта такімі словамі пасля прывітання пачала тэлефонную размову з карэспандэнтам «Голас Сенненшчыны» Антаніна Заяц. Жанчына папрасіла, каб на старонках раённага выдання мы расказалі пра яе бацьку — Івана Казлоўскага, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны прымаў удзел у бітве за Сталінград.
Антаніна Іванаўна звярнулася да нас невыпадкова: яна наша зямлячка. На Сенненшчыне, а дакладней, у вёсцы Маргойцы, што ў Беліцкім сельсавеце, прайшлі яе дзяцінства і юнацкія гады. Тата яе родам з Лапатнікаў, якія таксама адносяцца да гэтай жа адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.
У верасні далёкага 1939 года дваццаціаднагадовага Івана Казлоўскага прызвалі на ваенную службу. Яго родныя тады і падумаць не маглі, што, апрануўшы салдацкую форму, здыме яе ён толькі праз шэсць гадоў.
Іван Казлоўскі адваяваў, як кажуць, ад званка да званка, і цудам вярнуўся жывым. Сваім дзецям і жонцы неахвотна расказваў пра вайну. Гэта былі хутчэй фрагментныя ўспаміны, якія абрывіста, без усялякага прадаўжэння, заканчваліся.
У гады Вялікай Айчыннай вайны гвардыі сяржант Іван Казлоўскі быў шафёрам мінамётнай батарэі 3-га мотастралковага батальёна 8-й гвардзейскай механізаванай Маладзечанскай Чырвонасцяжнай брыгады. Ваяваў на Сталінградскім, I Украінскім, III Беларускім і I Прыбалтыйскім франтах.
У кашулі народжаны
Вадзіцеляў часам незаслужана забываюць, калі гавораць пра Перамогу. Аднак шафёры не менш за іншых салдат рызыкавалі сваім жыццём. Ад умелых дзеянняў ваенных вадзіцеляў у многім залежыла баяздольнасць падраздзялення. Іван Казлоўскі забяспечваў боепрыпасамі і снарадамі пазіцыі агнявых узводаў, падвозіў асабісты састаў. Машына часта ў шляху падвяргалася абстрэлу, аднак самому Івану Васільевічу пашанцавала — не закранулі яго варожыя кулі. Пра такіх людзей звычайна кажуць: «у кашулі нарадзіліся». І сапраўды, прайсці ўсю вайну, прыняўшы ўдзел у адной з самых жорсткіх бітваў сусветнай гісторыі — Сталінградскай, не атрымаўшы ніводнага ранення, лёсам было наканавана вярнуцца дадому.
200 дзён і начэй бітвы за горад на Волзе. Яна разгарнулася на тэрыторыі плошчай каля 100 тыс. кв. кіламетраў пры працягласці фронту ад 400 да 850 км. Войскі немцаў пераўзыходзілі савецкія ў людзях у 1,7 раза, у артылерыі і танках — у 1,3, у самалётах — больш чым у 2 разы. Пад Сталінградам загінулі 480 тыс. чалавек, звыш 500 — атрымалі раненні.
«Тата нічога не расказваў нам, тады яшчэ зусім юным, сваім дочкам, пра вайну, — успамінае Антаніна Заяц. — Са слоў маці ведаем, што ў бітве за Сталінград ён выратаваў сям’ю якогасьці ваеначальніка. Рухаючыся ў калоне машын, ён вёз жанчыну з маленькім хлопчыкам. Калона трапіла пад абстрэл. Не раздумваючы, ён схапіў дзіцё і выскачыў з машыны. Загадаў тое самае зрабіць і жанчыне, якая ад страху не магла зрушыцца з месца. Тата сілай выштурхнуў яе. Праз некалькі хвілін у іх аўтамабіль трапіў варожы снарад».
Перамога нашым войскам далася нялёгка, гаварыў тата, сёння яго словы ўспамінаюць родныя. Аднойчы са сваёй жонкай ён хадзіў ў кіно на паказ кінастужкі пра бітву за Сталінград. Ён не дагледзіў яе да канца, не вытрымаў. Унутрана не згадзіўся з тым, што ўбачыў.
Ён рана пайшоў з жыцця
За мужнасць, смеласць і доблесць, праяўленыя падчас Сталінградскай бітвы, 112 савецкім салдатам і афіцэрам было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, дзясяткі тысяч воінаў былі ўдастоены ўрадавых узнагарод. Медаль «За абарону Сталінграда» атрымалі звыш 750 тысяч абаронцаў горада. Такі медаль быў у ліку ўзнагарод, з якімі дадому вярнуўся Іван Казлоўскі. За свае ратныя подзвігі ён таксама быў удастоены медаля «За перамогу над Германіяй», ордэна «Чырвоная Зорка». Ва ўзнагародным лісце чырвонаармейца на прысваенне ордэна напісана: «За весь период боев с немецкими захватчиками, особенно в боях с 19.09 по 22.09.44 г., гвардии сержант Козловский проявил смелость, мужество и отвагу. В сложнейших условиях боев, с 19.09 по 22.09.44 г., когда батальон неоднократно был в окружении, в условиях систематического артиллерийского миномётного обстрела, частых контратак противника, в условиях бездорожья и ночных маршах, гвардии сержант Козловский сумел сохранить матчасть, своевременно доставлял на передовую боеприпасы и личный состав, чем способствовал выполнению поставленных батальоном задач. Гвардии сержант Козловский в любых условиях, днём и ночью, водит автомашину без аварий и ремонта, его машина всегда в полной боевой готовности. Достоин правительственной награды ордена «Красная Звезда».
Іван Казлоўскі прымаў удзел у аднаўленні Сталінграда, за што быў узнагароджаны ганаровай граматай. Дэмабілізаваўся ён у 1946 годзе. На малой радзіме знайшоў сваё шчасце. Яго выбранніцай стала дзяўчына з суседняй Пярэспы з прыгожым імем Еўфрасіння. У яе ўжо было дзіця, яна выхоўвала сына. Але гэта ні ў якім разе не стала перашкодай, каб стварыць моцную, любячую сям’ю. У іх нарадзілася трое цудоўных дзяўчат — Антаніна, Надзея, Наталля. Усім хапала месца ў вялікім доме, які сужэнцы пабудавалі самі ў Маргойцах. Іван Васільевіч і Еўфрасіння Аляксееўна добрасумленна рупіліся на спіртзаводзе ў Полымі. Пра гэтую сям’ю і сёння тут адзываюцца добрым словам.
Перажытыя ваенныя нягоды адбіліся на здароўі Івана Васільевіча. Ён рана пайшоў з жыцця: яго не стала ва ўзросце 42 гадоў. Дзеці запомнілі яго сціплым, разважлівым. Ён шмат працаваў, але знаходзіў час і для іх.
Еўфрасіння Аляксееўна засталася верная свайму мужу, адна выхавала дзетак, дала ім належную адукацыю. Дзеці захоўваюць самыя цёплыя ўспаміны пра свайго тату. Ён заўсёды быў і будзе для іх героем, на якога яны і сёння раўняюцца. Жанчыны берагуць усе дакументы былога франтавіка, пра яго расказваюць сваім дзецям. Дарэчы, двое ўнукаў Івана Казлоўскага сталі ваеннымі. Хто яго ведае, магчыма, у выбары прафесіі паспрыяў баявы шлях іх дзядулі, гераізм і самаахвяраванне якога былі не марныя.
Ад рэдакцыі
Ёсць наша агульная памяць, а ёсць памяць кожнай сям’і. Нам, карэспандэнтам «раёнкі», прыемна ўсведамляць, што яшчэ адной сям’і мы дапамаглі расказаць пра свайго Героя.
Ала ЯКАЎЛЕВА. Фота прадастаўлена дзецьмі былога франтавіка.
Фота да матэрыялу носіць ілюстрацыйны характар.