У «Харчавіку-Агра» завяршылі ўборку збажыны

Філіял “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік АграСэрвіс” першым у раёне завяршыў уборку збожжавых культур. З гэтай нагоды калектыў сельгасарганізацыі ўчора наведала дэлегацыя галаўнога прадпрыемства на чале з дырэктарам ААТ “Чырвоны харчавік” Сяргеем Анюхоўскім.
Прамыслоўцы падзякавалі хлебаробам за сумленную працу, лепшым з лепшых уручылі Лісты ўдзячнасці і падарункі. Апошніх удастоіліся пераможцы жніва — экіпажы зернеўборачных камбайнаў у складзе Юрыя Макавеева і Дзмітрыя Бялоўскага (1 месца), Уладзіміра Юшкевіча і Яўгена Леваненкі (2 месца), Віктара Крычко і Анатоля Гацко (3 месца).
Сваёй працай кожны з вас зрабіў падарунак і кіраўніку нашай дзяржавы, бо ён за мэту ставіў — хутчэй убраць хлеб, — адзначыў, звяртаючыся да аграрыяў, Сяргей Анюхоўскі. Улічваючы тое, што ў гаспадарцы ўжо пачалі рыхтаваць глебу пад сяўбу азімых культур, пажадаў плёну ў гэтай рабоце і спрыяльнага надвор’я.
Словы падзякі за якасна сабраны ўраджай зерня выказала работнікам палёў і старшыня Бабруйскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Надзея Дудаль. Ад галіновага прафсаюза ўручыла Лісты падзякі і падарункі вадзіцелю Генадзю Дудалю і членам экіпажа зернеўборачнага камбайна — камбайнеру Уладзіміру Юшкевічу і яго памочніку Яўгену Леваненка. Артысты ж мясцовай установы культуры парадавалі хлебаробаў і гасцей урачыстасці цудоўным выкананнем народнай песні.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.