У Бабруйскім раёне працягваюць вітаць перадавікоў вытворчасці на ўборцы збожжавых культур

У чацвер, 6 жніўня, мяжу ў тысячу тон на жніве і перавозцы зерня пераадолелі і за гэта ўдастоіліся ўзнагарод Бабруйскага райкама прафсаюза работнікаў АПК камбайнер Алег Вяроўкін з СВК “Гігант” (яго тэхніка — камбайн Лексіон-760), вадзіцелі “Гіганта” Мікалай Хурсан і Анатоль Семянчукоў (МАЗ-5551), камбайнер філіяла “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік АграСэрвіс” Юрый Макавееў (першы ў раёне камбайнер-тысячнік на айчынным КЗС-1218), а таксама вадзіцель Мікалай Крусір (МАЗ-5551) з ААТ “Неўскі-Агра”.
Лісты ўдзячнасці і падарункі за сумленную працу хлебаробам уручылі першы намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксей Жураўлёў і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Надзея Дудаль. Далучыліся да віншаванняў і работнікі культуры, якія падзякавалі работнікам палёў цудоўнай песняй.

— Шчыра дзякуем вам за працу, — казаў кожнаму, паціскаючы руку, намеснік старшыні. — Ураджай атрымалі добры. Значыць — будзе малако і мяса, будуць грошы для далейшага развіцця.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.