І прыходзіць свята кнігі
Свята ”Сябар наш, кніга!” адкрыла цыкл мерапрыемстваў Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі “І прыходзіць свята кнігі”, які традыцыйна адзначаецца ў бібліятэках ДУК “ЦБС Бабруйскага раёна” падчас вясновых канікулаў. Мерапрыемствы, якія прайшлі ў межах Тыдня, зрабілі знаёмства юных чытачоў з творчасцю дзіцячых пісьменнікаў яскравым і запамінальным.
На свята былі запрошаны вучні пачатковых класаў Каменскай СШ. Падчас сустрэчы дзеці пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення свята “Книжкины именины”, якое ўпершыню святкавалі ў далёкім 1943 годзе. Супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі падрыхтавалі для дзяцей гульні, конкурсы, віктарыны па творчасці пісьменнікаў-юбіляраў А. Пысіна і У. Ліпскага, прадставілі кнігі з аўтографамі А. Пысіна з асабістай бібліятэкі Е.В. Хромчанка, чытачкі раённай бібліятэкі.
А пасля ўсіх, хто прысутнічаў у зале, бібліятэкары запрасілі да ўдзелу ў мерапрыемствах рэспубліканскай акцыі “Уладзіміру Ліпскаму — 80” і конкурсе малюнкаў па яго творчасці “Верны сябар дзяцей”.
Пазнаёміць школьнікаў з жыццём і творчасцю пісьменніка, вучыць дзяцей быць сумленнымі, добрымі, чулымі на вобразах герояў яго кніг была прызвана выстава-знаёмства “Сустрэчы з творамі Уладзіміра Ліпскага”. На працягу месяца вучням было прапанавана пакінуць свае ўражанні ў кнізе наведвальнікаў выставы.
Дзень паэзіі “А. Пысін — прызнаны майстар беларускага пісьменства” для членаў клуба “Узрост” прадоўжыў мерапрыемствы Тыдня кнігі. Праграму дня паэзіі склалі віртуальная выстава да 100-годдзя пісьменніка “З будучым мінулае сшываю…”, тэматычная экскурсія “Жыццёвы і творчы шлях А. Пысіна”, паэтычная гадзіна “У вечным слове чалавекам быць”, майстэрскае дэкламаванне верша С. Грахоўскага “Размова з Аляксеем Пысіным”.
З мэтай прыцягнення ўвагі навучэнцаў Каменскай дзяржаўнай дапаможнай школы-інтэрната да перыядычных выданняў для 10-класнікаў у межах Тыдня прайшоў дзень перыёдыкі “Дзень часопісных прыгод”. Як расказала Галіна Буткевіч, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі, займальнае выкладанне матэрыялу, маляўнічыя ілюстрацыі зрабілі падарожжа па старонках часопісных выданняў цікавым і змястоўным. Бібліятэкары прапанавалі агляд-падарожжа “Гартаючы старонкі перыёдыкі для падлеткаў”, інфармацыйнае дасье ”Часопіс — акно ў свет, дзе жыве твой кумір”, конкурс “Прадстаўляю свой любімы часопіс”, бліц-апытанне “Мой любімы часопіс”. Кожнаму ўдзельніку мерапрыемства бібліятэкары ўручылі памятку “Як чытаць часопіс?”.
Завяршыў праграму Тыдня дзень удзячнасці прыродзе “Сябраваць з прыродай”, які быў прымеркаваны да Сусветнага дня водных рэсурсаў.