Прыгожыя — і працай, і душой

Напярэдадні 8 Сакавіка ўсё “круціцца” вакол жанчын: мужчыны дбаюць пра кветкі і падарункі, віноўніцы свята — пра сваю непаўторнасць і пачастункі.
І калі жанчыны іншых прафесій ў гэты дзень могуць дазволіць сабе даўжэй паспаць, болей пастаяць каля люстэрка, нетаропка прыгатавацца да сямейнай урачыстасці, то мае субяседніцы ў святочны выходны дзень тыднёвага працоўнага графіку не меняюць: жывёла патрабуе штодзённага догляду. І ўсё ж, нягледзячы на гэта, знаходзяць магчымасць быць чароўнымі, заварожана-прывабнымі, непаўторна-абаяльнымі для тых, каго любяць, цэняць, шануюць і паважаюць.

Калектыў малочна-таварнай фермы аг. Цялуша філіяла “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік”, які вось ужо 10 год узначальвае Наталля Аркадзьеўна Юшкевіч, як і большасць адпаведных у раёне, у перавазе сваёй жаноцкі.
На раздойванні першацёлак — менавіта такі накірунак фермы — заняты перадавая даярка Ганна Рыгораўна Канапліцкая і яе дачка Ала Мікалаеўна Канапліцкая. Дапамагае ім у гэтым малады жывёлавод Таццяна Лаўрэнцьева. У хляве побач вырошчваннем буйной рагатай жывёлы займаецца Вольга Мікалаеўна Макавеева. Нягледзячы на рознаўзроставасць калектыву, існуе тое, што яго аб’ядноўвае і ставіць на п’едэстал найлепшых у раёне па вытворчых паказчыках — працавітасць работнікаў. У сярэднім ад каровы ў дзень на ферме бяруць 22 і болей кг сырадою.
Ад чаго залежыць вялікае малако? На гэтае пытанне Наталля Аркадзьеўна адказу не шукае:
— Ад корму і догляду, — упэўнена заяўляе яна, — ад сумленнага падыходу да сваіх абавязкаў галоўнага ветурача, нястомнага клопату галоўнага заатэхніка (зрэшты, і Аляксей Валер’евіч Скатарэнка, і Міхаіл Іванавіч Бандарчук па выніках 2019 года прызнаны пераможцамі раённага спаборніцтва на званне “Лепшы па прафесіі”).
— Ад уважлівых адносінаў кіраўніка гаспадаркі Міхаіла Мікалаевіча Стрыжэўскага, — у адзін голас дадаюць жанчыны, — які ўнікае ў кожную нашу праблему, да якога, без адчування дыскамфорту, можна звярнуцца за вырашэннем любога хвалюючага пытання. І гэта немалаважна: у адказ на добрае і ўважлівае да сябе стаўленне хочацца і болей аддаць — працаваць з яшчэ большай выкладкай.
Мае субяседніцы не толькі выдатныя працаўніцы, але ж цудоўныя жанчыны — прыгажуні, матулі, майстрыцы, стваральніцы ўтульнага быту і цёплых сямейных узаемаадносінаў. І тут кожная — індывідуальнасць і непаўторнасць, са сваім унутраным светам, цікаўнасцямі і традыцыямі адзначаць свята.

Наталля Аркадзьеўна, да прыкладу, у жаночы дзень спадзяецца сабраць, як звычайна, сваю вялікую сям’ю (тры сыны і дачку) за святочным сталом. Вольга Мікалаеўна абавязкова парадуе мужа і дзяцей (сына-школьніка і 3-гадовую дачушку) новенькім смачным салатам — у вольную гадзіну яна любіць паэксперыментаваць са стравамі. І хоць такога часу ў маладой сям’і (муж Юрый Макавееў — адзін з перадавых механізатараў філіяла) не так шмат: ва ўласнай гаспадарцы агарод, шмат скаціны — святы і сямейныя ўрачыстасці, з шашлыком і салютам, Макавеевы абавязкова адзначаюць. Цяперашняе 8 Сакавіка, па словах жанчыны, выключэннем не стане, бо “чалавеку адпачынак таксама патрэбны”.
Не абыдзецца без веснавых кветак у сям’і Канапліцкіх. Шматдзетная маці Ганна Рыгораўна ганарыцца нашчадкамі, кожнаму з якіх перадала сваю галоўную рысу — прагу да працы. У вольны ад работы час жанчына наводзіць чысціню і парадак (яе любімы занятак) і вяжа для сябе і родных. А яшчэ надта любіць лазню, папарыўшыся ў якой адчуваеш лёгкасць не толькі цялесную, але і душэўную. Шчыры чалавек, выдатная працаўніца, цудоўная маці — такіх адозваў калектыву заслужыла маладая даярка Ала Мікалаеўна Канапліцкая. Шмат інтарэсаў, апроч працоўных абавязкаў, у наймалодшай з калектыву Таццяны Лаўрэнцьевай. Яна і шые, і манікюр са стрыжкай здольна зрабіць. Прычым, на прафесійнай аснове — скончыла Бабруйскі тэхналагічны каледж. Праўда, звязваць сваё жыццё з замкнёнай прасторай салона прыгажосці ці фабрыкі дзяўчына пакуль не намерана, а вось надаць шарму калегам, калі папросяць, — заўжды калі ласка. На ферму ж прыйшла, таму што з дзяцінства любіць жывёлу, і клапаціцца пра маленькіх цялятак — сапраўднае для яе задавальненне.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.
На фота да матэрыялу – Таццяна Лаўрэнцьева, Ганна Канапліцкая, Вольга Макавеева, Ала Канапліцкая.