Прафілактычная акцыя “Выконваем законы дарог” прайшла ў Хімоўскім ВПК “Дзіцячы сад-СШ”
Наладзілі яе для вучняў малодшых класаў супрацоўнікі Бабруйскага РАУС сумесна з работнікамі аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Мерапрыемства стала для дзяцей не толькі пазнаваўчым — падзяліўшыся на дзве каманды, яны з запалам адказвалі на пытанні старшага дзяржінспектара ДАІ Ігара Чарнова і метадыста вучэбна-метадычнага кабінета раёна Вікторыі Шунько пра меры перасцярогі на дарозе — але цікавым і захапляльным, бо праходзіла ў даступнай для дзяцей гульнёвай форме.
У канцы, як тое часта бывае, перамагла дружба — пра гэта абвясціла, падлічыўшы балы, метадыст Фізкультурна-спартыўнага клуба раёна Вольга Караткевіч. А падарункамі для хлопчыкаў і дзяўчынак сталі граматы, цукеркі і флікеры. Што апошнія абавязковыя на дарозе — школьнікі Хімоўскай установы адукацыі цяпер дакладна ведаюць.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.