Темы

Віктар Пінчук: “Бабруйшчыну і яе людзей буду помніць заўжды”

Віктар Пінчук: “Бабруйшчыну і яе людзей буду помніць заўжды”

У адрозненне ад папярэдніх герояў рубрыкі “След на зямлі” Віктар Фёдаравіч Пінчук — не тутэйшы. Нарадзіўся ў Асіповіцкім раёне, жыве ў Магілёве і вось ужо колькі год узначальвае Магілёўскую раённую арганізацыю ветэранаў, працягвае займаць актыўную жыццёвую пазіцыю. Да гэтага ж прайшоў вялікую прафесійную школу ад калгаснага ветурача на Бабруйшчыне да дырэктара вядомага сваімі поспехамі ААТ “Агракамбінат “Усход” Магілёўскага раёна. Віктар Фёдаравіч — легенда аграпрамысловай галіны Магілёўскай вобласці, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Кандыдат біялагічных навук, дацэнт, аўтар 21 навуковай работы і 7 вынаходстваў.

Між тым першую практыку па спецыяльнасці герой аповеду атрымаў, як ужо гаварылася, менавіта ў нашым раёне, куды выпускніка-чырвонадып­ломніка размеркавалі пасля заканчэння Віцебскага ветэрынарнага інстытута. У калгасе імя Мічурына, дзе пачалася яго працоўная дзей­насць, прафесійную хватку маладога спецыяліста, яго ўменне прымаць правільныя рашэнні ў неардынарных сітуацыях адразу ацанілі. Згадзіцеся, не кожны пачынаючы вет­урач возьмецца за няпрос­тую аперацыю, ды пры тым у надзвычайных, можна сказаць, умовах? А ён узяўся. У адзін з суботніх вечароў пасля завяршэння напружанага працоўнага дня ветурач-халасцяк толькі сабраўся ў Цялушу на танцы, як ля дома, дзе кватэраваў, пачуўся сігнал аўтамабіля. Даведаўшыся ад вадзіцеля, што на ферме ў Ступянях нелады з каровай, ён, ні хвіліны не раздумваючы, памяняў планы. Аказалася — жывёлу накармілі канюшынай, а восенню, калі першыя замаразкі, рабіць гэтага нельга — у страўніку з’яўляецца высыпка, падобная на пену. Тэрмінова зробленыя ўколы станоўчага выніку не далі, выйсце было адно — аперыраваць. І, нягледзячы на настойлівыя ўгаворы загадчыка фермы зарэзаць хворую жывёліну, малады ветурач прыняў рашэнне ратаваць. Ноччу, пры святле ліхтара, з дапамогай фельчара разрэзаў рубец, пачысціў страўнік, і тая рагуля мала што выжыла — давала добрае малако, а з часам нават двойню нарадзіла.

У калгас “Гігант” Віктар Пінчук прыйшоў у 1975 годзе. І ўжо ў 24-гадовым узросце яму даверылі пасаду галоўнага ветэрынарнага ўрача. Гады працы ў буйной і эканамічна трывалай гаспадарцы, якія, да таго ж, прыйшліся на мала­досць, Віктар Фёдаравіч лю­біць згадваць. У “Гіганце”, па яго словах, была мацнейшая прафесійная школа як у вытворчым плане, так і ў плане работы з кадрамі, адносін кіраўніка і спецыялістаў, спецыялістаў і падначаленых. У калгасе налічвалася звыш 5 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы і прыкладна столькі ж свіней, таму адказнасць на галоўным ветурачы была велізарная. Але ж заўжды адчуваў падтрымку старшыні калгаса Аляксандра Сакуна, ганарыўся яго даверам. Увогуле, як кажа Віктар Фёдаравіч, ён за жыццё не падвёў ніводнага кіраўніка. І ўсё таму, што ў адносінах да работы няўхісна прытрымваўся прынцыпу — “даў слова — выканай, узяўся за справу — давядзі да канца, зрабі на сумленне”.

«Дажынкі-2010», г. Ліда – (злева направа): В.Ф. Пінчук, М.П. Левакоў і В.А. Мазурык

Да гэтай пары ўтрымлівае ў памяці герой аповеду імёны і прозвішчы перадавых жывёлаводаў “Гіганта” — Любові Цэд, Пятра Губарэвіча, Галіны Балыка, начальнікаў вытворчых участкаў Пятра Печаня і Мікалая Іванова, і многіх іншых, чые працоўныя дасягненні праслаў­лялі гаспадарку, ставілі яе ўровень з найлепшымі. Ветэрынарная служба калгаса, па яго словах, лічылася адной з наймацнейшых у вобласці і нават рэспубліцы: захаванасць маладняку буйной рагатай жывёлы і свіней была на ўзроўні 95-98%. На базе гаспадаркі амаль штомесяц праводзіліся раённыя і абласныя семінары-вучобы.

З Героем Сацыялістычнай Працы Любоўю Паўлаўнай Цэд

Пры непасрэдным удзеле Віктара Пінчука і цялятніцы “Гіганта” Галіны Самчык, дэпутата Вярхоўнага Савета СССР, у калгаснай ветслужбы з’явіліся аўтамабіль, трактар для дэз­інфекцыі і пабелкі ферм. Гаспадарка адной з першых укараніла паточна-цэхавую сістэму вытворчасці малака. На малочна-таварных фермах былі пабудаваны радзільныя аддзяленні, вылучаны цэхі сухастою. Вялікую ўвагу галоўны ветурач надаваў аздараўленню жывёлы — у цёплы перыяд года большасць яе знаходзілася ў летніх лагерах.

Праца Віктара Пінчука ў калгасе “Гігант”, яго прафесіяналізм былі высока ацэнены: у 1981 годзе ён атрымаў сваю першую ўрадавую ўзнагароду — медаль “За працоўную доблесць”.

У хуткім часе Віктара Фёдаравіча, выдатнага спецыяліста і не меней выдатнага арганізатара, запрасілі на пасаду намесніка старшыні Магілёўскага РАПА па жывёлагадоўлі і перапрацоўцы сельгаспрадукцыі (так некаторы час называліся ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкамаў). Праўда, затрымаўся ў адміністрацыйным крэсле ненадоўга: занадта сумаваў па практыцы. А ў 1989 годзе на альтэрнатыўнай аснове яго абралі дырэктарам саўгаса-камбіната “Усход” Магілёўскага раёна. У гэтай паса­дзе герой аповеду адпрацаваў чвэрць веку. Пакінуў пасля сябе гаспадарку з высокай культурай вытворчасці, цалкам адбудаваным сацыяльным комп­лексам.

І хоць гэта, як кажуць, ужо другая гісторыя, тым, хто памятае Віктара Пінчука па працы на Бабруйшчыне, хто ведае яго як выбітнага кіраўніка пас­пяховага “Усхода”, упэўнена, будзе цікава знаць, што ў спісе яго высокіх узнагарод таксама і Ліст удзячнасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ордэн Айчыны III ступені. Ён двойчы (у 2002 і 2012 гадах) удастойваўся пачэснага звання “Чалавек года” Магілёўшчыны. Быў членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-га склікання.

Сам жа герой аповеду, згадваючы гады напружанай і плённай працы ў сельскагаспадарчай галіне і высокія ў ёй дасягненні, заўважае, што не стаў бы тым, кім стаў, каб не выдатныя на жыццёвай дарозе настаўнікі, у тым ліку першы кіраўнік — старшыня калгаса імя Мічурына Бабруйскага раёна Міхаіл Аронавіч Морчык, старшыня калгаса “Гігант” Аляксандр Аляксандравіч Сакун. Ды яшчэ — бацькоўскае выхаванне, якое, калі і было занадта строгім, то, як заўважае Віктар Фёдаравіч, апраўдана.

Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву В.Ф. Пінчука.

Последние новости

Человек и природа

В Беларуси до 28 февраля введен запрет на лов налима

26 декабря 2024
Читать новость
Актуально

Лукашенко принимает участие в саммите ЕАЭС. В 2025 году председательство в союзе переходит к Беларуси

26 декабря 2024
Читать новость
Происшествия и безопасность

Опасность бенгальских огней: рекомендации МЧС при их использовании

26 декабря 2024
Читать новость
Актуально

«От всей души». На Бобруйщине поздравили ветерана Великой Отечественной войны

26 декабря 2024
Читать новость
Общество

Пособия семьям с детьми. Об изменениях и новациях рассказали в Минтруда и соцзащиты

26 декабря 2024
Читать новость
Общество

Могут ли родители размещать в соцсетях видео и фото с утренника в детском саду?

26 декабря 2024
Читать новость

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.
Главный редактор Ольга Геннадьевна ГРЕК.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем