Фестываль нацыянальнай драматургіі: пашыраючы межы
Першы дзень лістапада даў старт VII-му Рэспубліканскаму фестывалю нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску, у якім прымаюць удзел прафесійныя тэатральныя калектывы Беларусі і замежжа. Конкурсная праграма форуму складаецца са спектакляў, створаных выключна па творах беларускіх драматургаў. Традыцыйна праграма фестывалю ўключае ў сябе таксама творчую лабараторыю — чытанне пьес, лекцыі і прэзентацыі — пры падтрымцы Цэнтра беларускай драматургіі і Цэнтра эксперыментальнай режысуры. У форуме, які завершыцца 6 лістапада, удзельнічаюць больш за 250 чалавек.
Тэатральны тыдзень адкрыўся спектаклем па нятленнай коласаўскай паэме “Сымон-Музыка” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Свае пастаноўкі на бабруйскай сцэне прадставяць таксама Гомельскі гарадскі моладзевы тэатр, Купалаўскі тэатр, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, Цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў «АРТ Карпарэйшн», Кіеўскі акадэмічны театр, Незалежны театральны праект з Мінска, Камерны Драматычны тэатр з Волагды, Незалежная тэатральная група «тэатр post» з Санкт-Пецярбурга, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Пермскі і Калужскі тэатры юнага гледача, тэатр Адэскага разліву «ЛанжэронЪ». Гаспадар фестывальнай пляцоўкі — Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча — прадставіць у конкурснай праграме прэм’ерны спектакль «Сіртакі». У творчай лабараторыі фестываля возьме ўдзел Грузінскі Дзяржаўны прафесійны драматычны тэатр горада Горы.
— Фестываль пашырае межы, — сказала падчас уводнай прэс-канферэнцыі дырэктар тэатра Вераніка Вінэль. — У ліку ўдзельнікаў — не толькі тэатры з Беларусі, але і з Грузіі, Расіі, Украіны, а ў ліку гасцей — прадстаўнікі Літвы, Латвіі, Польшчы, а таксама паўднёвакарэйскі рэжысёр, акцёр, тэатральны крытык, доктар мастацтвазнаўства і магістр акцёрскіх мастацтваў Універсітэта Кенхі Донг Хі Чан.
Прызы фестывалю, вырабленыя бабруйскім мастаком-керамістам Алегам Ткачовым, будуць уручаны ў намінацыях «Лепшы спектакль», «Лепшая мужчынская роля», «Лепшая жаночая роля», «Лепшая п’еса сучаснага беларускага аўтара», «Лепшая рэжысура» і «Лепшая сцэнаграфія».
Старшыня журы конкурснай праграмы, загадчыца аддзела тэатральнага мастацтва Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар мастацтвазнаўства Вераніка Ярмолінская адзначыла высокі ўзровень удзельнікаў, якія прайшлі сур’ёзны адбор, пажадала калегам плённай працы, прыхільнікам тэатральнага мастацтва — прыемнага прагляду і выказала ўпэўненасуць у тым, што фестываль-2019 абавязкова адкрые новыя імёны.
Як аздзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Беларусі Ірына Дрыга, гісторыя гэтага театральнага форуму зведала як перыяды ўзлётаў, так і моманты зацішша, якія ўсё ж садзейнічалі таму, каб фестываль эвалюцыяніраваў. І калі на самым пачатку ставілася задача пазнаёміць аматараў тэатра з беларускай драматургіяй, то зараз форум ужо дэманструе шырокую панараму яе развіцця і перасягнення нацыянальных межаў. Сёння драматургія нашай краіны выклікае цікавасць у замежных тэатраў, становіцца паўнапраўнай часткай еўрапейскай і сусветнай культуры.
Тэкст і фота Іны БАГДАНОВІЧ.