Справы сельскагаспадарчыя

Дзяржзаказ — першачаргова
Сабранае зерне рапсу і збажыны пастаўляецца раённымі сельгасарганізацыямі ў кошт дзяржзаказу. Заданне па пастаўцы масланасення выканана ў цэлым па раёне на 60%. У разрэзе гаспадарак цалкам з ім справіліся СВК “Гігант”, філіялы “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік” і “Варатынь” ААТ “БЗТДіА”, дзе атрыманы найлепшыя ўраджаі азімай культуры.
Убіраць збажыну ўдзень і ўначы
У сувязі з дажджамі, якія замінаюць зладжанасці ўборачнай кампаніі, і несуцяшальным прагнозам у гэтым плане надалей, старшынёй аблвыканкама Леанідам Зайцам дадзена даручэнне наладзіць электраабсталяванне ва ўсіх камбайнах на жніве — максімальна выкарыстоўваць добрае надвор’е, арганізоўваць, пры неабходнасці, уборку збажыны ў начны час сутак.
Пустазеллю — не!
Кіраўнік вобласці звярнуў увагу на неабходнасць ачысціць палі ад непатрэбнай расліннасці, перш чым прыступіць да сяўбы азімых на іх: унесеныя з вясны азотныя мінеральныя ўгнаенні паспрыялі росту не толькі культурных раслін, але і пустазелля. У барацьбе з ім плануецца выкарыстаць гліфасаты, і толькі пасля іх прымянення праводзіць ворыўныя работы пад восеньскую сяўбу, у прыватнасці, азімы рапс.
Яшчэ адна настойлівая рэкамендацыя — ачысціць фермы ад арганікі — таннага, у параўнанні з мінеральнымі, угнаення — і выкарыстаць апошняе пад сяўбу азімых рапсу і збожжавых культур.
Алена КАРПЕНКА.