Усё можа паштальён

Сумка сучаснага паштальёна мала адрозніваецца ад той, што насілі яго папярэднікі за плячыма год так паўсотні таму — такая ж па форме і такая ж да адказу напоўненая. Праўда, калі тады яна змяшчала газеты, часопісы ды ўнушальную кіпу лістоў ад сваякоў, то цяпер замест апошняга — пісьмаў зусім няшмат і ў асноўным афіцыйныя — пачастункі для пенсіянераў ды іншая неабходная ў гаспадарцы дробязь.
Працягласць штодзённага шляху паштальёна з 11-гадовым стажам Туголіцкага аддзялення паштовай сувязі Наталлі Кулаковай значная. Улетку ды па вясне жанчына прабягае іх з лёгкасцю, падчас зімовай пары, як заўважае, з асцярогай, таму і часу прафесійны ваяж адымае прыкметна болей.
— Наталля — адзіны і надзвычай адказны наш паштальён, — з павагай у голасе заўважае начальнік аддзялення Марына Васільеўна Нікіціна. — На ёй у тым ліку падпіска на газету “Трыбуна працы”.
— Сярод жыхароў Туголіцы нямала прыхільнікаў “раёнкі”, — далучаецца да размовы Наталля, — якія з усіх газет аддаюць перавагу менавіта ёй. Выпісвалі “Трыбуну працы” з маладосці, калі працавалі ў той ці іншай раённай арганізацыі, не сталі разлучацца і пасля таго, як выйшлі на заслужаны адпачынак: цікава ж ведаць пра справы на колішняй рабоце, пра тое, чым жыве раён, ды і пра знаёмых на старонках выдання нярэдка можна прачытаць. А вось моладзь перавагу аддае інтэрнэту. Яе ў радах падпісчыкаў на перыёдыку з гадамі становіцца ўсё меней.
Што датычыцца тавараў паўсядзённага попыту, якія дастаўляе паштальён насельніцтву, — ручкі, сшыткі, алей, крупу, печыва, іншае, то некаторыя вяскоўцы замаўляюць іх, непасрэдна тэлефануючы на нумар аддзялення паштовай сувязі.
— Іншы раз тэлефануюць нават тыя, каго не ведаю, — смеючыся, заўважае паштальён і таропка ўтрамбоўвае нязменную спадарожніцу-сумку. — Некаторыя тэлефануюць у дзень пенсіі. Заяўкі абавязкова выконваем: разумеем, як складана нямогламу састарэламу чалавеку, які жыве адзін, дайсці да крамы ці пошты, асабліва ў дрэннае надвор’е.
— Лёгкай прафесію паштальёна не назавеш, — дзеліцца Наталля Мікалаеўна, — аднак ёсць і перавагі: рух не дае заспакойвацца целу, трымае яго ў форме, а штодзённыя стасункі з людзьмі, цеплыня ад іх падзяк напаўняюць адчуваннем вясны нават у зімовую сцюжу.
Тэкст і фота Алены КАРПЕНКІ.