Супрацоўніцтва ў дзеянні, альбо Нашы на Валагодчыне
У рамках супрацоўніцтва раёнаў-пабрацімаў — Бабруйскага і Валагодскага Расійскай Федэрацыі — дэлегацыя Бабруйшчыны, у складзе якой і маладзёжная валейбольная каманда з юнакоў 2002-2003 гадоў нараджэння, прыняла ўдзел у Свяце валейбола, 13-м турніры на кубак кіраўніка Валагодскага раёна.
Па выніках гульняў каманда Бабруйскага раёна заняла 3-е месца сярод каманд юнакоў агульнаадукацыйных устаноў двух раёнаў, за што ўзнагароджана дыпломам.
Начальнік аддзела па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алена Баркоўская, якая ўзначаліла дэлегацыю Бабруйшчыны,
адзначыла цёплы прыём расійскага боку. Падчас двух дзён знаходжання на Валагодчыне прадстаўнікі нашага раёна, па яе словах, змаглі пазнаёміцца з гістарычнымі мясцінамі і культурнымі традыцыямі краю — наведалі краязнаўчы музей і музей карункаў, Крамлёўскую плошчу, знакаміты помнік літары “О”, дом “с резным палисадом”, аб’екты турыстычнай і спартыўнай індустрыі.
Паездка, па словах Алены Баркоўскай, стала пазнавальнай, асабліва для моладзі, дала магчымасць прыдбаць сяброў у суседняй краіне, пашырыць кругагляд і абагаціцца станоўчымі ўражаннямі. Яна выказала спадзяванне, што спартыўнае мерапрыемства стане пачаткам цеснай узаемасувязі паміж раёнамі-пабрацімамі, прывядзе да супрацоўніцтва не толькі ў спартыўнай сферы, але і іншых накірунках адукацыі. Падзялілася і ўжо акрэсленымі планамі — абмяняцца вопытам дзейнасці класаў аграрнага накірунку, якія з гэтага навучальнага года функцыянуюць на базе двух раённых школ (на Валагодчыне дзейнічаюць, таксама з нядаўняга часу, агра-бізнес школы).
Алена КАРПЕНКА.