Спартыўная сям’я — здаровая краіна
Раённы сямейны творчы конкурс пад такой назвай, у рамках сямейнага праекту “Тата-зала”, прайшоў у мінулую суботу ў пас. Туголіца. Задачы мерапрыемства — умацаванне традыцый і пераемнасці пакаленняў, павышэнне ролі сям’і ў грамадстве як ключавога фактару дзяржаўнай дэмаграфічнай палітыкі, далучэнне вясковай моладзі да здаровага ладу жыцця, а таксама распрацоўка і ўкараненне новых форм работы па арганізацыі вольнага часу маладых людзей.
Арганізатарамі конкурсу выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама сумесна з раённым камітэтам ГА “БРСМ”. Удзельнікамі праекту сталі маладыя сем’і ва ўзросце да 31 года з дзецьмі, якія пражываюць на тэрыторыі раёна, працуюць у раённых
арганізацыях.
З сямі спартыўных каманд, якія прынялі ўдзел у конкурсе, пераможцам прызнана сям’я Шувыкіных у складзе таты Мікалая, матулі Кацярыны і дачушкі Марыі. Ім, а таксама ўсім удзельнікам спартыўнага свята былі ўручаны дыпломы, граматы і падарункі на памяць.
Зрэшты, сямейны праект “Тата-зала” — гэта сучасная форма ўзаемадзеяння маладых бацькоў і ўстаноў адукацыі ў мэтах выхавання падрастаючага пакалення.
Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву РК ГА “БРСМ”.