Болей неабыякавасці ці болей праблем?

Статыстыка
Як стала вядома, за 10 месяцаў сёлетняга года ў Бабруйскі райвыканкам паступіла 202 звароты — на 20 (11%) болей, чым за аналагічны перыяд папярэдняга года. Звярталіся да ўлады грамадзяне пераважна ў пісьмовай форме (68%). Адзначаны прыкметны рост (25 супраць 7) калектыўных зваротаў, пятая частка з якіх — ад членаў садаводчых таварыстваў адносна членскіх узносаў, правамернасці дзеянняў старшыні і рэвізійнай камісіі, фінансава-гаспадарчай дзейнасці і інш. Але тут варта разумець, як заўважыла начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян райвыканкама Наталля Тропіна, што ў адпаведнасці з пунктам 6 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 студзеня 2008 года №50 “Аб мерах па ўпарадкаванні дзейнасці садаводчых таварыстваў” мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ў адпаведнасці са сваёй кампетэнцыяй ажыццяўляюць толькі кантроль за дзейнасцю садаводчых таварыстваў, а таксама юрыдычных асоб у частцы мэтавага выкарыстання зямельных участкаў у рамках дзеючага заканадаўства. Кантроль жа за фінансава-гаспадарчай дзейнасцю садовых таварыстваў, па яе словах, у кампетэнцыю дадзеных органаў не ўваходзіць.
Не тут, то там…
Грамадзяне раёна, як і раней, спрабавалі вырашыць існуючую праблему праз вышэйшыя структуры ўлады. Ад апошніх у райвыканкам такім чынам паступіла 18 зваротаў, прыкладна столькі ж (17), як за 10 месяцаў папярэдняга года. Прычынай зваротаў да “вярхоў” стала ў тым ліку абыякавасць да вырашэння ўзнікшага пытання на пярвічным узроўні. А таму 15 адказных асоб, у тым ліку 8 дзяржслужачых, за неналежную арганізацыю работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Між тым мае месца, як адзначаюць у райвыканкаме, і злоўжыванне грамадзянамі сваім правам на звароты: некаторыя з іх звярталіся да вышэйшых улад, мінуючы раённы выканаўчы камітэт.
Праблемы хвалявалі розныя?
Тэматыка сёлетніх зваротаў самая разнастайная. Гэта пытанні забеспячэння жыллёва-камунальнай, дарожнай гаспадарак, працаўладкавання, законнасці і правапарадку, будаўніцтва і архітэктуры, землекарыстання, сельскай гаспадаркі. І ўсё ж пераважалі звароты па пытаннях жыллёвага фонду, жыллёва-камунальнай гаспадаркі — 41% ад агульнай колькасці. На другім месцы — землеўпарадкаванне і землекарыстанне (13%).
Сярод першых найбольш частымі былі тыя, што датычыліся аплаты за вываз камунальных адходаў, аднаўлення пашкоджанай ліўневай каналізацыі, падтаплення ўчастка, водазабеспячэння, закрыцця лазні, набыцця жылых памяшканняў. Прычым іх колькасць, у параўнанні з папярэднім годам, прыкметна павялічылася (на 13 зваротаў). Непасрэдна ў кастрычніку актуальным было пытанне вывазу адходаў з населеных пунктаў, але на гэтую пару яно ўжо “знята”. Інфармацыя пра налічэнне платы за карыстанне камунальнымі паслугамі даводзіцца да ведама насельніцтва праз СМІ, у прыватнасці, газету “Трыбуна працы”, аднак грамадзяне па-ранейшаму звяртаюцца ў райвыканкам па пытаннях нязгоды з аплатай за вываз адходаў.
Зрэшты, як патлумачыла Наталля Тропіна, у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №510 ад 29 чэрвеня сёлетняга года “Аб унясенні змен і дапаўненняў у некаторыя пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь”, п. 52, арт. 12 Палажэння аб парадку разлікаў і ўнясенні платы за карыстанне жылымі памяшканнямі дзяржаўнага жыллёвага фонду, зацверджаным пастановай Савета Міністраў РБ ад 12 чэрвеня 2014 года №571, дапоўнены часткай 5 і выкладзены ў наступным змесце: “Плата за зварот з цвёрдымі камунальнымі адходамі ў адносінах аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў, у якіх адсутнічаюць зарэгістраваныя па месцы жыхарства і па месцы знаходжання, не бярэцца ў выпадку, калі грамадзянін — плацельшчык жыллёва-камунальных паслуг, які з’яўляецца ўладальнікам і карыстальнікам дадзенага жылога дома, пісьмова звярнуўся з заявай у арганізацыю, якая ажыццяўляе дадзеную паслугу ці ажыццяўляе ўлік, разлік і налічэнне платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылымі памяшканнямі, аб спыненні аказання паслугі па звароце з цвёрдымі камунальнымі адходамі з указаннем перыяду, але не болей за 6 месяцаў у каляндарным годзе”. Дадзеная змена ўступіла ў сілу 1 кастрычніка сёлетняга года. У сувязі з чым грамадзяне могуць звярнуцца з пашпартам і дакументамі, якія пацвярджаюць права ўласнасці на жылое памяшканне, ва УКП “Жылкамгас” для афармлення заявы на прыпыненне аказання паслугі па вывазу смецця.
Алена КАРПЕНКА.