ІІ абласны агляд-конкурс “Малады гаспадар” пройдзе ў нашым раёне
Сапраўдным святам для ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства абяцае стаць агляд-конкурс “Малады гаспадар”, які пройдзе ў аг. Міхалёва 1 лістапада. Удзел у конкурсе, арганізаваным камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама сумесна з абласным камітэтам прафсаюза работнікаў АПК прымуць работнікі аграпрамысловага комплексу — члены прафсаюзнай арганізацыі ва ўзросце ад 18 да 35 год з усіх раёнаў Магілёўшчыны.
У конкурснай праграме такія заданні, як “Візітная картка”, “Курс маладога гаспадара”, а таксама дадатковыя конкурсы — “Самадзелкін”, “Аўтамабіліст”, “Кулінар”, іншыя. Словам, маладыя людзі змогуць праявіць сябе ўсебакова — ад традыцыйна ”мужчынскай” справы (замяніць кола аўтамабіля) — да віртуознага валодання нажом падчас ачысткі і нарэзкі гародніны для прыгатавання стравы і творчых здольнасцяў.
Па словах старшыні Бабруйскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргея Феднева, мерапрыемства праводзіцца ў мэтах прапаганды прэстыжу работы ў сельскай гаспадарцы, росту прафесійнага майстэрства і матывацыі прафсаюзнага членства, эстэтычнага выхавання сельскай моладзі, павышэння яе цікавасці да культурнага адпачынку, удасканалення сістэмы і пашырэння форм працоўнай дзейнасці, а таксама ў мэтах выяўлення і падтрымкі талентаў .
На конкурс запрошаны кіраўнікі і спецыялісты Магілёўскага аблвыканкама і абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні, кіраўнікі і спецыялісты Бабруйскага райвыканкама, прадстаўнікі сельгаспрадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, старшыні раённых, пярвічных прафсаюзных арганізацый.
Месца правядзення абласнога агляду-конкурсу — Міхалёўскі сельскі Дом культуры.
Пачатак мерапрыемства ў 11.00 гадзін.
Ул. інф.