Нарыхтоўвай бульбу ўвосень
Верасень і кастрычнік — месяцы, калі гараджане, дый вяскоўцы таксама, ва ўсю моц рыхтуюцца да зімы, папаўняюць запасы бульбы, гародніны ды садавіны. Для сельгасвытворцаў жа гэта месяцы актыўнага продажу сабранага ўраджаю. Дзеля апошняга выкарыстоўваюць і такую традыцыйную форму таварна-грашовага ўзаемадзеяння з насельніцтвам, як сельскагаспадарчыя кірмашы.
Сёлетні сезон сельгаскірмашоў стартаваў у раёне 8 верасня. Удзел у ім прынялі чатыры гаспадаркі: філіялы “Агракамбінат КХП” ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў”, “Варатынь” ААТ “БЗТДіА”, а таксама акцыянерныя таварыствы “Аграмашсервіс” і “Неўскі-Агра”. Месцам правядзення стаў міні-рынак па вуліцы Гарэліка ў Бабруйску, дзе гараджане мелі магчымасць набыць бульбу, зерне, зернесумясь, насенне траў, яблыка па невысокай цане, а таксама камбікорм для жывёлы ў асартыменце.
Удзел у кірмашах выхаднога дня на тэрыторыі Бабруйска, як паведамілі ў аддзеле эканомікі райвыканкама, мясцовыя сельгасарганізацыі прымаюць штотыдня. Запланаваны і кірмашы для вясковага насельніцтва. У прыватнасці, 6 кастрычніка набыць свежую прадукцыю ад сельгаспрадпрыемстваў Бабруйшчыны змогуць наведвальнікі раённага фестывалю “Глушанскі хутарок” у пас. Глуша.
Алена КАРПЕНКА.