Вяскоўцам у дапамогу
Навядзенне парадку на зямлі — тэма адна з найбольш актуальных у нашай краіне на працягу апошніх год. І, як паказвае практыка, колькі б ні рабілася ў гэтым накірунку, усё роўна яшчэ застаюцца аспекты, якія патрабуюць увагі. У сувязі з тым, што сёлетні год аб’яўлены ў краіне Годам малой радзімы, кіраўніцтвам Беларусі пастаўлена задача навесці ідэальны парадак. Да таго ж, з 20 жніўня па 19 верасня ў вобласці аб’яўлена правядзенне месячніка па ўборцы, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый населеных пунктаў, двароў, вуліц, паркаў, зон адпачынку і іншых аб’ектаў сацыяльна-бытавога і культурнага прызначэння, а таксама мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, тэрыторый арганізацый незалежна ад формы ўласнасці, будаўнічых пляцовак, тэрыторый, якія прылягаюць да аўтадарог, і г. д.
Да месячніка далучылася і Бабруйшчына. Да прыкладу, работнікі райвыканкама і ДЛГУ “Бабруйскі лясгас” у гэтыя дні вырашылі пасадзейнічаць у вырашэнні пытанняў добраўпарадкавання ААТ “Саўгас Кісялевічы” — сумеснымі намаганнямі прыводзяць у парадак тэрыторыю акцыянернага таварыства побач з колішнімі цяпліцамі. Работа гэтая, па словах удзельнікаў “суботніка”, нялёгкая, але патрэбная. Вызваленая з-пад непатрэбшчыны зямля можа паслужыць карысным мэтам.
Алена КАРПЕНКА. Фота Валянціны МІЛОХІНАЙ.