Што чакае школьнікаў летам?
Традыцыйна вучні раённых устаноў адукацыі падчас летніх канікулаў будуць ахоплены аздараўленнем. Якія формы адпачынку і занятасці хлопчыкам і дзяўчынкам прапануе аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама сёлета, колькі дзяцей будзе ахоплена аздараўленнем — пра гэта і іншае, звязанае з арганізацыяй летняга адпачынку школьнікаў, мы запыталіся ў начальніка аддзела Алены Баркоўскай.
— Алена Уладзіміраўна, колькі дзяцей плануеце аздаравіць у гэтую кампанію?
— Будзе ахоплена 610 дзяцей, гэта 44 працэнты ад агульнай колькасці школьнікаў — прыкладна столькі, як у папярэднім годзе.
— Лагерны адпачынак у хлопчыкаў і дзяўчынак па-ранейшаму запатрабаваны?
— Так. З 610 дзяцей, якія ў гэтую кампанію будуць ахоплены аздараўленнем, 240 адпачнуць у лагеры з кругласутачным знаходжаннем “Бабраня-2010”, 290 — у аздараўленчых лагерах з дзённым знаходжаннем на базе ўстаноў адукацыі, 55 — у дзённых лагерах працы і адпачынку і 25 — у турысцкіх перасоўных з кругласутачным знаходжаннем.
— Калі прыме першых выхаванцаў “Бабраня”?
— Заезд першай змены намечаны на 5 чэрвеня — лагер актыўна да гэтага рыхтуецца. Другая змена пачнецца 30 чэрвеня, трэцяя — 25 ліпеня. Працягласць кожнай — 18 дзён, у адну змену зможа адпачыць 80 чалавек. Перавага ў “Бабрані” для сельскіх школьнікаў, аднак на вольныя месцы змогуць прэтэндаваць і гараджане. Персанал для работы ва ўстанове падабраны. Калі гаварыць пра выхавацеляў, то іх ролю ў асноўным возьмуць на сябе педагогі раённых устаноў, сярод якіх нямала моладзі.
— Чым будуць займацца выхаванцы лагераў працы і адпачынку?
— Акрамя таго што адпачываць і набірацца станоўчых уражанняў, будуць працаваць. Навучэнцы Глушанскага і Хімоўскага ВПК “Дзіцячы сад-СШ”, а таксама Каменскай СШ — на тэрыторыі ўстаноў і ў майстэрнях. Вучні Цялушскага ВПК будуць задзейнічаны на пасяўных плошчах філіяла “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік”, Брожскай СШ — у пітомніку Брожскага лясніцтва ДЛГУ “Бабруйскі лясгас”.
— Некаторыя непаўналетнія, наколькі ведаю, не супраць зарабіць грошай. Ці будзе ў іх такая магчымасць?
— У чэрвені будзе арганізавана другасная занятасць непаўналетніх: на базе 5 устаноў адукацыі — па зборы мэблі, на базе Глушанскага ВПК — па добраўпарадкаванні хакейнай пляцоўкі. Усяго праз упраўленне па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама плануем ахапіць 60 дзяцей.
— У якіх школах будуць функцыянаваць лагеры з дзённым знаходжаннем?
— Ва ўсіх, акрамя Туголіцкай СШ, установах агульнай сярэдняй адукацыі і на працягу трох летніх месяцаў. Таксама ў гэты перыяд будзе наладжана работа валанцёрскіх атрадаў, атрадаў “Міласэрнасць”, зводных атрадаў па месцы жыхарства. Будуць працаваць дзіцячыя аб’яднанні па інтарэсах, школьныя стадыёны, гульнёвыя пляцоўкі, трэнажорныя і спартыўныя залы, камп’ютарныя класы. Так што дзецям будзе чым заняцца і дзе правесці вольны час.
— Ці не выпадуць з поля зроку ў летні перыяд дзеці, якія патрабуюць павышанай увагі?
— Ні ў якім разе. Наадварот, непаўналетнія падуліковых катэгорый у час канікулаў будуць прыцягвацца ва ўсе віды карыснай занятасці. Маю на ўвазе непаўналетніх, з якімі інспекцыя па справах непаўналетніх праводзіць індывідуальна-прафілактычную работу, тых, хто значыцца на ўнутрышкольным кантролі, і непаўналетніх, чый стан пражывання прызнаны сацыяльна небяспечным.
— Калі для школьнікаў летнія канікулы — доўгачаканы час адпачынку, то для педагогаў — напружаная працоўная пара. Што хочаце пажадаць і тым, і другім?
— Дзецям — не парушаць правілы паводзінаў і, вядома ж, цікавага адпачынку, педагогам — вытрымкі і асалоды ад лета.
Алена КАРПЕНКА.