Вясна — час наводзіць парадак
Шаноўныя жыхары Бабруйшчыны! Нарэшце мы дачакаліся сонечных дзён. У спалучэнні з надыходзячымі светлымі праваслаўнымі святамі — гэта вялікая радасць для кожнага. Яна тым болей памножыцца, калі цуд абуджэння прыроды і традыцыйныя сустрэчы з роднымі, блізкімі і сябрамі пройдуць на чыстай і дагледжанай тэрыторыі. І зямля, і нашыя госці дый самі мы таго заслугоўваем!
І мы ж можам зрабіць населены пункт, дзе жывем, дзе выхоўваюцца нашыя дзеці, падрастаюць унукі, дагледжаным і прыгожым — годным таго, каб ім любаваліся іншыя (турысты з блізкага і далёкага замежжа) і ганарыліся мы самі.
Веснавое абуджэнне прыроды — самы час узяцца за добраўпарадкаванне тэрыторыі домаўладанняў: дамоў, падворкаў, агароджы, за навядзенне чысціні на прыдамавой тэрыторыі, тэрыторыі ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў. Гэта тым болей актуальна сёлета, у Год малой радзімы.
Таму тыя з вас, шаноўныя землякі, хто яшчэ не прывёў у парадак сваю зямлю, не паклапаціўся пра добраўпарадкаванне месцаў навечнага спачыну родных — абавязкова знайдзіце для гэтага час! Дзеля будучыні свайго населенага пункта, будучыні нашчадкаў і дзеля ўласнага ўнутранага і жыццёвага камфорту!