Тут закладваецца аснова будучага малака
На малочна-таварную ферму аг. Цялуша з фотакарэспандэнтам наведаліся незнарок: калектыў пад началам загадчыцы Наталлі Юшкевіч закладвае аснову будучага малака гаспадаркі. Спецыялізуючыся выключна на раздоі першацёлак, ад адной каровы ў дзень бярэ 24,5 (!) кг малака. Гэтым часам на МТФ утрымліваецца 90 рагуль. Абслугоўваюць іх 4 аператары машыннага даення, з якіх адзін падменны. Значэнне і вартасць апошняга пераацаніць немагчыма: на вытворчым аб’екце жанчыны праводзяць большую частку сутак.
Пра распарадак
Прыходзяць сюды надосвітку, а 6-й гадзіне, дамоў вяртаюцца ў пачатку на 23-ю. Дойка трохразовая, таму, заступіўшы на першую, некаторыя — асабліва цяпер, у кароткі светлавы дзень, дамоў вяртаюцца ажно ў канцы працоўнай змены. Нялёгка? Не тое слова! Аднак кожны чацвёрты дзень у даяркі выхадны. Ды і на МТФ па максімуму створаны ўмовы для камфотнага знаходжання працаўнікоў — маецца санітарны пакой, душавая, пакой для адпачынку, аснашчаны мікрахвалявай печчу, электрачайнікам, неабходным інвентаром і посудам. Ёсць сучасная пральная машына, дзе пасля дойкі і навядзення парадку на працоўных месцах — абавязкі тэхперсаналу выконваюць самі жанчыны — даярка можа заняцца прывядзеннем у належны стан спецадзення.
Пра ферму
Гаспадарка ў Наталлі Аркадзьеўны немалая: 90 галоў дойнага статку (першацёлкі пасля 3-месячнага ўтрымання размяркоўваюцца па МТФ Ступяні і Савічы) і каля 700 бычкоў і цялушак на адкорме. Абслугоўвае гэты статак 11 чалавек, сярод якіх, акрамя аператараў машыннага даення, скотнікі, начныя вартаўнікі, маецца свой тэхнік-асемянатар.
Што да дойнага статку, то ў 2-х хлявах фермы цялушкі стаяць “пад асемяненне”. Пасля яны пераводзяцца ў хлеў малочнага блоку з беспрывязным утрыманнем. Дзеляцца на два перыяды — сухастойныя ад 40 да 20 дзён і ад 20 дзён да ацёлу. Пасля з’яўлення цялятка першацёлка трапляе ва ўмелыя рукі аператараў машыннага даення, якія, строга прытрымліваючыся тэхналогіі, яе раздойваюць. Самі ж даяркі ажыццяўляюць і догляд нованароджаных цялятак. Маленькая жывёла некаторы час знаходзіцца ў хляве з рагулямі, затым пераводзіцца ў прыбудаваны да яго летні лагер, кожнае цялятка — у індывідуальны домік.
Спыняючыся на доглядзе, варта заўважыць, што выпайка цялятак вядзецца па сучаснай тэхналогіі — “экамолаўскай схеме”, што ў сукупнасці з выкананнем іншых патрабаванняў навукоўцаў дае, як заўважае загадчыца, станоўчыя вынікі — прыводзіць да стопрацэнтнай захаванасці маладняку, садзейнічае добраму росту жывёлы. Асаблівасцю выпайкі з’яўляецца і тое, што малако для цялятак на ферму Цялушы пастаўляецца з іншых МТФ гаспадаркі. Малозіва ад першацёлак для гэтых мэт, як лічыцца, лічыцца, не настолькі каштоўнае, як ад кароў трэцяга — пятага ацёлаў. Захоўваецца яно на МТФ у маразільнай камеры. Пры неабходнасці разаграецца ў прызначаным для гэтага агрэгаце — “бані”.
Своеасаблівы падыход, як заўважае Наталля Юшкевіч, і да кармлення дойнага статку. Высокапрадукцыйныя каровы канцэнтратаў атрымліваюць болей за тых, чыя “аддача” ніжэйшая. Складанасцей у даярак такая дыферэнцыяцыя не выклікае: кожны аператар дакладна ведае кароў і іх магчымасці. “Адно што раней жывёлу клікалі па мянушках, а цяпер па нумарах завем”, — з усмешкай заўважае субяседніца.
За 11 месяцаў вытворчасць малака ў філіяле “Харчавік-Агра” склала 2 779,6 т, або 116,5% да аналагічнага перыяду мінулага года. Сярэдні яго ўдой ад каровы склаў 4 834 кг (найвышэйшы паказчык сярод раённых сельгасарганізацый), што на 1 514 кг вышэй аналагічнага сярэднераённага паказчыку (3 320 кг). Таварнасць малака за гэты перыяд склала 93,1% (на 1,1% болей, чым у мінулым годзе). І гэта, зноў жа, найлепшы вынік сярод раённых гаспадарак.
Пра людзей
Калектыў на ферме, па словах загадчыцы, зладжаны. Усе работнікі да абавязкаў адносяцца сумленна і адказна.
Адзін аднаго і начальства паважаюць, рэкамендыцыі і парады бяруць на ўзбраенне безагаворачна.
* * *
Анастасія Вавула — падменны аператар машыннага даення. У калектыве яна 2 гады. І гэтага часу болей чым дастаткова, каб на ферме зразумелі: маладая працаўніца на сваім месцы. Сама Насця аб прафесіі гаворыць: “Работа падабаецца”. Родам з суседніх Савічаў, дзяўчына вучылася і некаторы час жыла ў горадзе. Аднак вярнулася ў сельскую мясцовасць. “Не магла я там, — прызнаецца маладая даярка, — я цалкам вясковы чалавек”.
* * *
Вераніка Шлык прыйшла на ферму Цялушы даяркай, аднак на працягу вось ужо года працуе тэхнікам-асемянатарам. Дадзеную прафесію, як кажа, набыла па парадзе кіраўніка філіяла Міхаіла Стрыжэўскага ў Горацкай сельгасакадэміі. “Новыя абавязкі мне падабаюцца,” — дзеліцца спецыяліст. — І ў прафесійным плане ёсць куды расці”. Графік работы ў тэхніка-асемянатара некалькі іншы, чым у даярак, аднак на ферму яна прыходзіць таксама тройчы на дзень.
Родам Вераніка Шлык з Рагачоўшчыны. У Цялушу выйшла замуж. Муж Аляксандр таксама працуе на ферме, слесарам.
* * *
Надзея Агапава можа лічыць сябе старжылам гаспадаркі — працуе тут з 1996 года і ўвесь час у прафесіі аператара машыннага даення. Той факт, што ў калектыве шмат моладзі, прыўносіць, як адзначае вопытная даярка, запал і натхненне ў вытворчы працэс. Працяглае знаходжанне на ферме жанчыну не засмучае: дачка ўжо дарослая, жыве асобна, а гаспадару (смяецца) прыходзіцца мірыцца. Тым болей што грашыма, па яе словах, на ферме не крыўдзяць.
* * *
Аператара машыннага даення Алу Канапліцкую мы засталі якраз за ўборкай памяшканняў малочнага блока фермы. Па тым, як спраўна і ўвішна ў дзяўчыны атрымлівалася кіраваць швабрай, зразумелі, што работа гэтая для яе звыклая. Да размовы, як адзначыла сама даярка, яна не надта ахвочая, а вось працаваць любіць. Ала — мясцовая, жыве ў Цялушы, на ферме працуе 2 гады.
* * *
Крыўдна б было абыйсці ўвагай Ганну Канапліцкую — аператара машыннага даення, у якой падчас нашага наведвання на МТФ быў выхадны. Прыйшла Ганна Рыгораўна ў гэтую нялёгкую прафесію з паляводства, якому “праслужыла” не адзін дзясятак год. І ўжо тут (працуе не болей за 5 год) змагла рэалізаваць сябе настолькі, што выйшла ў лік даярак-перадавікоў.
* * *
Акрамя аператараў машыннага даення, МТФ абслугоўвае працалюбівы і безадказны даглядчык, перадавік вытворчасці Сяргей Севярын (у дзень нашага наведвання ён таксама знаходзіўся ў адпачынку). Яшчэ тры скотнікі-даглядчыкі працуюць на адкорме буйной рагатай жывёлы. Гэта Уладзімір Лаўрыновіч, Аляксандр Супрунчык і Мікіта Лаўрыновіч. Усе яны людзі маладыя, спраўныя. Работу сваю любяць, цэняць, таму і аддача добрая.
* * *
Толькі цёплымі словамі характарызуюць на ферме галоўнага ветурача сельгасарганізацыі Аляксея Скатарэнку, які спешна рэагуе на кожны сігнал жывёлаводаў, чыімі намаганнямі і стараннем праблем, звязаных з захворваннем статку, на ферме не існуе. І, вядома ж — кіраўніцтва філіяла, у прыватнасці, дырэктара Міхаіла Стрыжэўскага, чый клопат пра гаспадарку і яе работнікаў, як тут заўважаюць, цяжка пераацаніць.
* * *
Заробкі на ферме, як адзначаюць аператары машыннага даення, неблагія. Залежаць у першую чаргу ад надояў, а таксама іншых складаючых удзелу кожнага работніка ў забеспячэнні вытворчых паказчыкаў гаспадаркі і дабрабыту калектыву.
У сувязі з тым, што блізяцца навагоднія святы, мае субяседніцы падзяліліся, як праходзяць яны ў калектыве. Звычайна кожнаму прызначаецца не толькі традыцыйны падарунак ад прафсаюзнай арганізацыі, але і ад галаўнога прадпрыемства — ААТ “Чырвоны харчавік”. У сябе ж на ферме, у фае, яны абавязкова ўсталёўваюць елку, упрыгожваюць яе цацкамі і цукеркамі. “Прыходзіш на дойку, а цябе лясная прыгажуня ў бліскучках сустракае — на ўвесь дзень навагодні настрой забяспечаны і работа спорыцца!”, — дзеляцца жанчыны. І да іх вялікая павага.
Пра загадчыцу
Наталля Юшкевіч загадвае фермай 7 гадоў. Прыйшла на гэтую пасаду з палявода і на пачатку, як прызнаецца, надзвычай хвалявалася: мала таго што работа новая, дык яшчэ столькі аб’ектаў! Але начальства — у асаблівасці галоўны заатэхнік Міхаіл Бандарчук, — разгубіцца не дало, дапамагло, дапамагае і цяпер словам і справай. І ўсё атрымалася.
Родам Наталля Аркадзьеўна з Бабруйска. У Цялушу выйшла замуж, тут нарадзіліся чацвёра дзяцей — трое сыноў і дачушка, ужо падрастае і песта-унучка. Усе дзеці жывуць у Цялушы. Сыны самастойныя, таксама работнікі сельскагаспадарчай галіны. Дачцы пакуль толькі 16. Калі і яна пастаянным месцам жыхарства абярэ малую радзіму, Наталля Аркадзьеўна супраць не будзе, аднак упэўнена — каб трывала стаяць на нагах, спачатку трэба павучыцца, набыць спецыяльнасць.
Алена КАРПЕНКА. Фота Генадзя БАГДОНАСА.