Пацвердзілі фінансавую дасведчанасць
Школьнікі 10 і 11 класаў — усяго 24 чалавекі — прынялі ўдзел у раённым этапе алімпіяды па фінансавай дасведчанасці сярод навучэнцаў агульнай сярэдняй адукацыі. Мерапрыемства прайшло ў мінулую пятніцу на базе Каменскай СШ.
Мэта алімпіяды — павышэнне фінансавай дасведчанасці школьнікаў, папулярызацыя ведаў у вобласці фінансаў, стварэнне ўмоў для рэалізацыі інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў, набыццё імі вопыту пазнаваўчай, камунікатыўнай, практычнай і творчай дзейнасці, а таксама фарміраванне навыкаў выкарыстання фінансавых інструментаў падчас планавання бюджэту і зберажэнняў, кантролю за сваімі выдаткамі і пазыкамі.
У склад камісіі, якая ацэньвала вучнёўскія веды, увайшлі метадысты вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алеся Стэльмак і Наталля Дашкоўская, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Каменскай СШ Алена Бародзіч, а таксама работнікі вядучых беларускіх банкаў — намеснік начальніка аддзела рознічных паслуг разлікова-касавага цэнтра №24 г. Бабруйск філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” Вольга Зіневіч і менеджэр цэнтра рознічнага бізнесу філіяла 703 ААТ “АСБ Беларусбанк” Аляксей Кулік. Апошнія, акрамя пажаданняў перамогі ў спаборніцтве, распавялі юнакам і дзяўчатам, наколькі важна быць фінансава дасведчанымі, асабліва ў сучасных рэаліях.
На тое, каб адказаць на пытанні алімпіяды, школьнікам была адведзена гадзіна. Да канца гэты адрэзак часу выкарысталі нямногія: іншыя адказалі на тэставыя пытанні раней.
Па выніках алімпіяды дыплом 1-й ступені атрымала вучаніца Гарбацэвіцкай СШ Анжаліка Бабыдава, якая набрала найбольшую колькасць балаў сярод 24 удзельнікаў. Дыпломам 2-й ступені ўзнагароджаны Валерый Сыракваш з гэтай жа ўстановы адукацыі. Дыплом 3-й ступені прысуджаны вучню Ленінскага ВПК «Дзіцячы сад-СШ» Паўлу Яскевічу.
Пераможцам алімпіяды банкіры па традыцыі ўручылі падарункі.
Адзначым таксама, што алімпіяда праводзіцца ў тры этапы. Абласны пройдзе ў лістападзе. Удзел у ім прымуць па тры пераможцы другога этапу ад кожнага раёна. Заключны, рэспубліканскі, намечаны на снежань. Яго ўдзельнікамі стануць пераможцы абласной алімпіяды — па тры чалавекі ад кожнай вобласці і г. Мінска.
Жадаем нашым школьнікам перамог!
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.