Гаспадаркі раёна ўбіраюць азімы рапс. У аб’ектыве — СВК “Гігант” (фота + відэа)

Выдатны ўраджай азімага рапсу атрымліваюць гэтым часам у “Гіганце”. Па дадзеных на ўчарашнюю раніцу, з занятых пад культуру 250 га была ўбрана якраз палова. Намалот склаў 652 тоны.
На збор “чорнага золата” у сельгаспрадпрыемстве выйшлі найбольш вопытныя і адказныя механізатары. На сучасных высокавытворчых “Лексіонах” — Тарасевіч Валянцін Рыгоравіч, Шапялевіч Уладзімір Ільіч, Вяроўкін Алег Уладзіміравіч, Зуб Уладзімір Уладзіміравіч і Колтун Андрэй Уладзіміравіч. Шапялевіч Мікалай Анатольевіч убірае азімую культуру на камбайне айчыннай вытворчасці.

На маё запытанне, дзякуючы чаму — у большай ступені спрыяльнаму надвор’ю ці намаганням чалавека — ураджай у гаспадарцы атрымаўся такім зайздросным, старшыня СВК “Гігант” Міхаіл Пятровіч Левакоў прывёў сфармуляваны нямецкім навукоўцам Ю. Лібіхам закон мінімуму: прадуктыўнасць поля знаходзіцца ў прамой залежнасці ад неабходнай складаючай часткі харчу раслін, які ўтрымліваецца ў самай мінімальнай колькасці (да прыкладу, забеспячэнне раслін вільгаццю). І патлумачыў — пры недахопе аднаго са складаючых якраз яно можа стаць вырашальным на атрыманне ўраджаю. Словам, павінна быць гармонія. Прымяняльна да сёлетняга азімага рапсу кіраўнік “Гіганта” заўважыў, што халодная і неспрыяльная для іншых культур вясна пасадзейнічала яго росту. Такі фактар, як забеспячэнне вільгаццю, не аказаўся ў мінімуме, а ўздзейнічаць на іншыя ў гаспадарцы выдатна навучыліся: прымянялі для гэтага ўсе неабходныя тэхналагічныя рэкамендацыі. Аднолькава стараліся, па словах Міхаіла Левакова, і спецыялісты, і механізатары.
Корманарыхтоўка
Актыўна вядуцца работы на полі “Гіганта”, што раскінулася паўз шашы на Іванаўку. Яшчэ нядаўна гэта зямля належала суседняй “Міхалёўскай Ніве”. З-за павышанай вільготнасці працяглы час не выкарыстоўвалася і, як гэта бывае, зарасла пустазеллем. Гігантаўцы, пасля перадачы зямлі ім, поле перазалужылі, засеялі падабранай для гэтых умоў сумяссю мнагалетніх траў і пачалі атрымліваць нядрэнныя ўраджаі — два, а то і тры ўкосы ў год. Гатуюць з травы ў асноўным сянаж, заварочваючы зялёную масу ў палімерную плёнку. Гаспадарка тым самым паказала, як занядбаную зямлю можна выкарыстоўваць эфектыўна.

***
У “Гіганце” праяўляюць усебаковы клопат пра тых, хто, не зважаючы на выхадныя дні (наш рэйд адбыўся якраз у нядзелю), выходзіць у поле. Разумеючы, што голад у рабоце не памочнік, да абедаў, якія гатуюцца ў мясцовай, па сучаснаму абстаўленай сталоўцы сельгаспрадпрыемства, адносяцца з вялікай патрабавальнасцю. Стравы гатуюцца абавязкова са свежай прадукцыі, сытныя і смачныя. Апошняе забяспечваюць майстры сваёй справы — галоўны повар і лабарант Святлана Клыга і повар Вера Хурсан. На раздачы абедаў у полі заняты такія ж адказныя Віта Кавалёва і Кацярына Чарнова.

…і ААТ “Міхалёўская Ніва”

Нядрэнным ураджаем, хоць і не “гігантаўскім” — найлепшым за апошнія 5 год — радуе азімы рапс земляробаў “Міхалёўскай Нівы”. Па апошніх дадзеных, намалочана 287 тон масланасення. Усяго ў гаспадарцы плануюць сабраць каля 400 тон. З аднаго круга ў гэтыя дні аграрыі гаспадаркі бяруць каля 30 цэнтнераў.
У нядзелю ўборачныя работы вяліся на полі паблізу в. Крупічы. На момант нашага прыезду механізатары “спешваліся” са сваіх камбайнаў-КЗСаў на абедзены перапынак. Праўда, зусім, як аказалася, кароткі. У гарачую пару ўборкі ўраджаю, па словах камбайнераў, не да адпачынку: надвор’е непрадказальнае — сюрпрыз у выглядзе дажджу можа абрушыцца знянацку, і работу давядзецца спыніць. Добра, калі не надоўга, бо праведзены маніторынг паказаў, што цяпер — самы час убіраць азімую культуру.
Алена КАРПЕНКА.
Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.