Темы

Адзін з апошніх салдат Вялікай Айчыннай

Адзін з апошніх салдат Вялікай Айчыннай

Родам Зіновій Радзівонавіч Аляксееў з в. Вуглы нашага раёна, аднак нелады са здароўем прымусілі пажылога чалавека пакінуць звыклае месца і багатую некалі гаспадарку і пераехаць да адной з дочак у Бабруйск. Пры гэтым ён не абдзелены ўвагай іншых дзяцей (з жонкай Кацярынай выгадавалі шэсць дочак і сына): усе яны часта да яго наведваюцца, дапамагаюць справай, падтрымліваюць словам.

… — І зноўку ў Зіновія гора, — з усмешкай прыгадвае стары чалавек словы сваяка пасля чарговых на­родзінаў у ягоным доме, — і зноўку дзеўка нарадзілася!

А не ведаў той родзіч, што гэтае, па яго меркаваннях, гора, абернецца для Зіновія Радзівонавіча і ягонай жонкі ў сталыя гады яшчэ якім шчасцем: сёстры з вялікім клопатам і турботай даглядаюць бацькоў. Між тым пажаніліся Зіновій з Кацярынай, можна сказаць, з-за вайны. Калі яна пачалася, юнак быў яшчэ не ў тым узросце, каб ісці на фронт, але прыдатны, па мерках захопнікаў, да прымусовых работ на нямеччыне. Адзінае, што магло пазбавіць ад гэтага — стварэнне сям’і: немцы на той час большую цікавасць праяўлялі да адзінокіх маладых лю­дзей. Таму пытанне ягонай жаніцьбы ў сям’і было пастаўлена востра…

Зіновій Радзівонавіч добра памятае, як у іх Вуглах з’явіліся нямецкія салдаты. Ім папярэднічала нашэсце варожых самалётаў — бомба за бомбай ляцелі на мірную зямлю. Самі ж захопнікі, калі прыйшлі, што толькі не вытваралі. На яго вачах пазбавілі жыцця жанчыну з маленькім дзіцяці. Не сцерла памяць ветэрана і выпадак з каровай. Толькі пазней да маладога чалавека дайшло, што цаною за яго паводзіны магло быць жыццё. Але тады пра гэта не думаў.

— У прыданае за жонкай цесць даў карову, а ў маіх бацькоў і свая была, таму стала дзве, — расказвае Зіновій Радзівонавіч. — Каб не трапіць з-за гэтага на прыцэл да ахвочых на кароў немцаў, стараста параіў нам, маладым, шукаць якую хатку і жыць асобна. Яго паслухаліся. У адзін дзень немцы прымусілі жыхароў вёскі выйсці на дарожныя работы — ісці з лапатамі папераду іх па дарозе, да гэтага замініраванай партызанамі. Захопнікі тады адступалі, ішлі праз стасеўскі мост. Мы трохі прайшліся, пакідалі лапаты і дадому. Падыходжу і бачу — на двары варожыя салдаты, а тут каровы з поля ідуць. Адзін з іх вядзе нашу карову за рогі і кіруецца з двара. Я крычу — куды, у мяне ж кіндар малы. А ён знае сваё — валачэ. Я повад з рук выхапіў, за карову і ў хлеў. Немец паваліўся, потым падхапіўся пад рогат другога, узняў вінтоўку, але страляць не стаў…

…Ваенная дарога Зіновія Ра­дзівонавіча пачалася з кісялевіцкага прызыўнога пунк­та, дзе навабранцаў абмун­дзіравалі і раздзялілі па ўзрос­ту. Асабіста яму ўручылі кулямёт, наспех паказалі, як з ім абыхо­дзіцца. Пайшлі на Польшчу.

Страху, ідучы ў бой, па яго словах, не было — на тое і маладосць. Але хваляванне прысутнічала: кожны ра­зумеў цану промаху.

На подступах да Варшавы салдата параніла. Засеўшы паміж лапаткай і пазваночнікам, асколак дагэтуль там знаходзіцца. Пасля шпіталя Зіновія Ра­дзівонавіча зноўку накіравалі ў сваю дывізію і сваю роту. Другі раз быў паранены ва ўсходняй Прусіі.

— Там баі ой-ёй-ёй якія жорсткія былі! — расказвае колішні салдат. — Адступаючы, немец усё адно не здаваўся! Ды, зрэшты, нас усё роўна не адолеў…

Засталіся ў памяці ветэрана і надзвычай жорсткія баі за г. Макаў. Каб вызваліць заняты немцамі горад, які абаранялі 40 танкаў, чырвонаармейцы рыхтаваліся фарсіраваць раку. За ноч змайстравалі плыты, пераправіліся праз раку і замініравалі поле перад горадам. Танкі праціўніка, перамяшчаючыся па ім, адзін за адным узляталі ў паветра.

— Пасля Макава нашыя войскі накіраваліся на Кенігсберг, — працягвае свой аповед ветэран. — у адным з баёў мяне другі раз параніла. Санітар перавязаў і разам з іншымі накіравалі ў шпіталь, адтуль — у тыл, у Маскву. У сталіцы сустрэў і перамогу. Гэты дзень памятаю яскрава — гвалт ад крыку стаяў, людзі абдымаліся і плакалі, нам па 100 грамаў гарэлкі налілі.

Вылечыцца цалкам не ўда­лося, таму Зіновія Радзівонавіча накіравалі ў ваенізаваную ахову. У Маскве яму прапаноўвалі застацца, перавезці сюды сям’ю, аднак ён не пагадзіўся: цягнула на радзіму, дый голад у сталіцы быў вялікі. Пасля вайны Зіновій Радзівонавіч працаваў у калгасе. Ра­зам з жонкай прыкладваў усе намаганні для таго, каб даць пуцёўку ў дарослае жыццё дзецям і прасіў бога, каб яно ў іх абавязкова было мірным. Бо хіба не дзеля гэтага ён рызыкаваў сваім жыццём?

Алена КАРПЕНКА. Фота з сямейнага архіву.

Последние новости

Происшествия и безопасность

Министр МЧС озвучил, какие проблемы с безопасностью есть в белорусских ТЦ

27 декабря 2024
Читать новость
Актуально

О приоритетах белорусского председательства в ЕАЭС и позиции Пашиняна, которая не поддается объяснению. Подробности из кулуаров саммита

27 декабря 2024
Читать новость
Происшествия и безопасность

Госавтоинспекцией ОВД Бобруйского райисполкома устанавливаются свидетели и очевидцы ДТП

27 декабря 2024
Читать новость
Общество

Рассказываем, как принять участие в смотре-конкурсе на лучшую организацию по охране труда

27 декабря 2024
Читать новость
Человек и природа

В Беларуси будет облачно, местами с дождем

27 декабря 2024
Читать новость
Человек и природа

В Беларуси до 28 февраля введен запрет на лов налима

26 декабря 2024
Читать новость

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.
Главный редактор Ольга Геннадьевна ГРЕК.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем