Дзяржаўныя ўзнагароды — за плённую працу
Рыгор Сцяпанавіч Варламаў з аграгарадка Кавалі — адзін з нешматлікіх жыхароў раёна, хто за працоўныя дасягненні — найвышэйшыя паказчыкі ў рабоце — узнагароджаны Залатым медалём ВДНГ, удастоены пачэснага звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі.
Знаходзячыся на заслужаным адпачынку больш за паўтара дзясятка год, колішні перадавік сельскагаспадарчай вытворчасці па-ранейшаму цікавіцца развіццём галіны ў раёне, справамі ў гаспадарцы, якой аддаў свае лепшыя гады, і з вялікім шкадаваннем адзначае, што калгас імя А. Неўскага, якому ў часы яго механізатарства не было роўных у раёне, цяпер перажывае далёка не лепшы свой перыяд. Прычым, у адной са складаючых такога “незавіднага” павароту ў дзейнасці гаспадаркі мой суразмоўца ўпэўнены — у людзей наўпроч страчаны працоўны запал, той, якім вызначалася яго пакаленне.
…Рыгор Сцяпанавіч прылічвае сябе да тутэйшых, хоць нарадзіўся ў суседняй з Кавалямі вёсцы Туркоўская Слабада. Калгас, па яго словах, аб’яднаў усіх. Пасля заканчэння школы, механізатарскіх, а пазней і вадзіцельскіх курсаў юнак, не задумваючыся, пайшоў працаваць у мясцовую гаспадарку — на той час калгас імя А. Неўскага. Праз некаторы час сельгаспрадпрыемства раздзялілі на тры асобных, і мой суразмоўца стаў працаўніком “Прагрэса”. А яшчэ пазней, прыняўшы прапанову тагачаснага кіраўніка Лапухіна, які, пераходзячы з “Прагрэса” ў “Неўскага”, не хацеў развітвацца з добрымі кадрамі, перайшоў пад яго начала. З калгаса імя А. Неўскага, яшчэ да яго ўзбуйнення, у пачатку новага тысячагоддзя Рыгор Сцяпанавіч і пайшоў на заслужаны адпачынак.
Незалежна ад таго, дзе даводзілася працаваць, якія абавязкі выконваць — летам на камбайне, зімой на трактары — да работы ён ставіўся надзвычай сумленна. Зрэшты, як і ўсе Варламавы:
— Гэта ў нас, здаецца, сямейнае, — з усмешкай заўважае колішні перадавік вытворчасці. — Высокіх паказчыкаў у рабоце дасягалі і мае браты. Бацькі былі працавітымі і нас прывучылі незадарма хлеб есці. Не кажучы ўжо пра ўнутраную настроенасць на работу і жаданне быць першым, якімі вызначалася маё пакаленне. Часта згадваючы працоўныя гады, задаюся пытаннем — адкуль у нас, тагачасных, было столькі запалу. Пасля працоўнага дня, стомленыя — у гарачую пару жніва і корманарыхтоўкі да работы прыступалі ў 6 гадзін, а заканчвалі не раней 23-х — напераганкі беглі дазнацца пра вынікі дня. І не пераказаць, як радаваліся, калі паказчык аказваўся найвышэйшым: на камбайн з гэтай нагоды прымацоўвалі сцяжок перадавіка. Душа спявала, сэрца перапаўнялі шчасце і гонар. І не дзеля ж грошай, а дзеля чырвонага сцяжка, пад якім будзеш працаваць увесь наступны дзень! Задаюся пытаннем — ці перажываюць усё гэта цяперашнія механізатары? Хочацца спадзявацца, што так.
У пачатку 70-х гадоў малады механізатар стварыў сям’ю. У жонкі выбраў прыгажуню Ніну з Гродзеншчыны, якая ў іх мясцовасць прыехала пасля вучобы як малады спецыяліст. Жылі яны напачатку ў Туркоўскай Слабадзе, там нават уласны дом пабудавалі. Але пасля пераходу Рыгора Сцяпанавіча ў адасоблены калгас імя А. Неўскага месца жыхарства сям’я змяніла на Кавалі. У населеным пункце атрымалі кватэру, дзе жывуць дагэтуль. Праўда, цяпер ужо не той вялікай і шумнай сям’ёй, як у гады працы гаспадара. Дочкі — а іх у Варламавых тры — абаснаваліся ў сталіцы. Адлегласць да Кавалёў хоць і не блізкая, але дзеці і ўнукі частыя госці ў бацькоўскім доме.
Гады працы ў калгасе, пры ўсёй іх складанасці і напружанасці, далёкіх ад ідэальнага ўмоў, але вялікага жадання садзейнічаць росквіту гаспадаркі, пакінулі ў Рыгора Сцяпанавіча толькі прыемныя ўражанні.
— Каб да нашага запалу ды сучасную тэхніку! — разважае колішні перадавік. — Аднаго корму колькі рыхтавалі! Пагалоўе тады не ўровень з цяперашнім было — бычкі займалі ўсе 12 хлявоў комплекса!
Зрэшты, сваёй першай дзяржаўнай узнагароды — Залатога медаля — Рыгор Сцяпанавіч удастоіўся ў 1986 годзе менавіта за найвышэйшыя дасягненні на корманарыхтоўцы, якой гаспадарка займалася пачынаючы з мая і да канца года. А колькі грамат ды падарункаў атрымаў перадавы механізатар за працоўныя гады — ужо і не падлічыць!
За плячыма ў майго суразмоўцы больш за сем дзясяткаў пражытых гадоў. Вядома ж, нямала. Але і не столькі, каб сядзець склаўшы рукі. Ва ўласнай гаспадарцы Варламавых каля гектара зямлі, звыклым клопатам пра яе і займаюцца яны з ранняй вясны да позняй восені. А ў зімовую пару Рыгор Сцяпанавіч любіць бавіць час за пляценнем кошыкаў з лазы, радуе сваімі вырабамі родных і знаёмых. Чалавек, які з маленства прывык жыць працай, упэўнены — было б жаданне, а работа знойдзецца.
Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.