Ведай нашых!
Школьнік з нашага раёна, чацвёртакласнік Каменскай сярэдняй школы Раман БУСЕЛЬ, — у ліку пераможцаў Рэспубліканскага легкаатлетычнага спартыўна-масавага мерапрыемства “300 талентаў для Каралевы”. Па выніках кідання мяча з-за галавы сярод хлопчыкаў 4-х класаў ён заняў 2-е месца.
Ганаровую ўзнагароду — Дыплом 2-й ступені, юнаму спартсмену ўручыў знакаміты легкаатлет Беларусі, старшыня грамадскага аб’яднання “Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі” Вадзім Дзевятоўскі.
Падрыхтаваў Рамана да спаборніцтваў настаўнік фізкультуры Міхаіл Шчарбакоў. Сам хлопчык, як адзначылі ў школе, здольнасці да спорту праяўляе з 1-га класа. Раман наведвае спартыўную секцыю і з задавальненнем удзельнічае ў спаборніцтвах.
Што датычыцца спартыўна-масавага мерапрыемства “300 талентаў для Каралевы”, то яно ў краіне рэалізуецца другі год. Праект накіраваны на выяўленне перспектыўных у спорце дзяцей для далейшых заняткаў лёгкай атлетыкай, якую па праву называюць каралевай спорту.
Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву Каменскай СШ.