Узнагарода знайшла родных героя
Незвычайна хвалюючыя моманты перажыў кожны, хто 22 снежня прысутнічаў на ўрачыстасці ў ваенным камісарыяце г. Бабруйска, Бабруйскага, Глускага і Кіраўскага раёнаў з нагоды перадачы баявых узнагарод Вялікай Айчыннай вайны тым, хто будзе іх надалей захоўваць.
Знойдзены на тэрыторыі Бабруйска ордэн Чырвонай Зоркі, які, як было ўстаноўлена, прызначаўся старшаму сяржанту Станіславу Станіслававічу Дылевічу з пасёлка Глуша, ваенны камісар, палкоўнік Аляксей Беразоўскі перадаў родным ардэнаносца — сыну Уладзіміру Станіслававічу і дачцэ Валянціне Станіславаўне (сам герой да цяперашніх дзён не дажыў). На ўрачыстасці прысутнічаў таксама яго ўнук — Дзмітрый Дылевіч.
Атрымаўшы ўзнагароду, родныя выказалі шчырыя словы падзякі ўсім, хто меў дачыненне да яе вяртання і ў асаблівасці ваенкамату, намаганнямі якога праведзена вялікая пошукавая работа па ўстанаўленні імя ўладальніка.
Яшчэ адну знойдзеную на тэрыторыі Бабруйска ўзнагароду, чыю прыналежнасць не ўдалося ўстанавіць, — медаль партызана Айчыннай вайны 1 ступені — супрацоўнікі ваенкамата перадалі ў музей школы № 17.
Як адзначыў Аляксей Беразоўскі, адшукваць магілы загінутых і ўвекавечваць памяць абаронцаў Айчыны — адзін з накірункаў дзейнасці ваенкамата. Гэтая работа праводзіцца сумесна з упраўленнем па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў, а таксама з іншымі зацікаўленымі органамі і арганізацыямі. Значная колькасць узнагарод была ўстаноўлена за перыяд з 2014 года, усе яны перададзены родным уладальнікаў.
Самі родныя Станіслава Дылевіча (на здымку ў цэнтры), на жаль, пра бацькавы і дзедавы ваенныя дарогі ведаюць няшмат. Расказваць пра іх, адзначаюць, ветэран вайны не любіў: у сілу замкнёнага характару, прыроджанай інтэлігентнасці і, напэўна, таму, што, як і многія ўдзельнікі ваенных дзеянняў, не хацеў варушыць у памяці былое. Дзеці згадваюць толькі, што бацька меў 3-4 класы адукацыі, на пачатку вайны пабываў у двух нямецкіх лагерах на тэрыторыі Украіны, адкуль родам, і што з аднаго лагера яму ўдалося збегчы. Пасля вайны працаваў электрыкам. А вось знойдзеная ўзнагарода, адшуканыя ваенкаматам архіўныя дакументы і баявыя ўдзячнасці, якія беражна захоўвае дачка Валянціна, расказваюць пра старшага сяржанта Станіслава Станіслававіча нашмат болей. Дастаткова для таго, каб зразумець — наш зямляк быў мужным і самаахвярным змагаром супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў.
Як адзначыў ваенкам, дзякуючы рабоце з архіўнымі дакументамі было ўстаноўлена, што ордэн Чырвонай Зоркі старшаму сяржанту С.С. Дылевічу быў уручаны ў адпаведнасці з Загадам №222 стралковай Смаленскай дывізіі 49-й арміі 2-га Беларускага фронту ад 21 ліпеня 1944 г. ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце ў барацьбе з нямецкімі захопнікамі, праяўленыя пры гэтым доблесць і мужнасць. Старшы сяржант Дылевіч удзельнічаў у жорсткіх баях з нямецкімі акупантамі за гарады Нікапаль, Ржэў, Вяліж, Віцебск. Быў удзельнікам танкавага дэсанту на вёску Рыбакі раёна Янавічы, у выніку якога населены пункт быў заняты нашымі войскамі. Асабіста знішчыў аўтаматным агнём да 10 немцаў і сам быў паранены 29 лістапада 1943 года. Нягледзячы на раненне, адбіваў контратаку ворага і толькі пасля канчатковага замацавання адваёваных пазіцый пакінуў поле бою.
З баямі, вызваляючы адзін горад за другім, Станіслаў Станіслававіч дайшоў да Берліна. Пра гэта гавораць шматлікія ўдзячнасці салдата. Апошняя з іх датуецца 2 мая 1945 года і была ўручана нашаму земляку за ліквідацыю нямецкіх войск на паўднёва-усходняй частцы Берліна.
Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА і з сямейнага архіву Дылевічаў.