Што пасееш — тое і пажнеш
На календары — канец лістапада. Здавалася б, пра веснавую сяўбу дбаць рана, але сапраўдныя земляробы ўпэўнены — клапаціцца пра насенне трэба ўжо цяпер. У тым, што правалока ў гэтай справе недапушчальна, упэўнены і спецыялісты раённай інспекцыі па насенневодстве, каранціне і ахове раслін, у прыватнасці дырэктар установы С.А. Казяба. З ім мы сустрэліся, каб пацікавіцца станам раённага насеннага фонду і тым, якая работа ў дачыненні яго гэтым часам вядзецца.
— Сяргей Анатольевіч, пад сяўбу ярыны наступнага года колькі насення збажыны патрабуецца і колькі маецца?
— Пад пасяўныя плошчы, што ў раёне запланаваны, неабходна 2690 т насення зерневых і зернебабовых культур, у тым ліку 200 т — пшаніцы, 935 — ячменю, 413 — аўсу і 1124 т зернебабовых. Згаданыя аб’ёмы ў раёне маюцца. Гэтым часам вядзецца іх ачыстка ад пустазелля і прымясяў. Зрэшты, у СВК “Гігант”, філіяле “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік”, ААТ “Саўгас Кісялевічы”, ЗАТ “Птушкафабрыка “Вішнёўка” з гэтай задачай ужо справіліся. У кожнай з гэтых гаспадарак сфарміравана партыя насення, пробы з якой дастаўлены ў нашую інспекцыю для праверкі і аналізу на прадмет пасяўных якасцей — усходжасці, утрымання вільгаці і інш.
— Цікава, як ва ўмовах установы правяраеце тую ж самую ўсходжасць?
— Для гэтага высейваем 4 сотні зярнятак і адводзім тыдзень на іх прарошчванне. Падлічваем, колькі ўзышло. Для кандыцыйнага насення менавіта зерневых дапушчальны паказчык — не ніжэй 90%. Калі ён такі, выдаем гаспадарцы пісьмовае заключэнне аб кандыцыйнасці насення. Калі ніжэйшы, адводзім на прарошчванне яшчэ тры дні. Пры станоўчых зменах — пацвярджаем апошняе дакументальна. Такім чынам максімальны тэрмін аналізу на ўсходжасць — 10 дзён.
— Сельгасарганізацыі, дзе ачыстку насення зерневых і зернебабовых завяршылі, ужо даставілі матэрыял для проб у інспекцыю?
— Па апошніх дадзеных, на праверку паступіла 1 204 т насення, што складае амаль палову ад патрэбы. З іх 704 т (26%) цалкам праверана — пакуль усё насенне кандыцыйнае. Гаспадаркам выдалі дакументы.
— Да вясны яшчэ далёка — паўторна правяраць насенны матэрыял не будзеце?
— Дакумент выдаем на 5 месяцаў. Гэта той час, калі, па меркаваннях навукоўцаў, насенне не мяняе сваіх пасяўных якасцей. Калі ж ад часу праверкі да сяўбы перыяд атрымліваецца большы, робіцца новая праверка. Прычым, правяраецца насенне ўжо не на ўсе якасці, а толькі на ўсходжасць і вільготнасць.
— Аналізы для сельгасарганізацый платныя?
— Так. Другі год, як усе паслугі інспекцыі платныя. Таму ў гаспадарках імкнуцца разлічыць час атрымання дакумента аб кандыцыйнасці такім чынам, каб укласціся ў веснавыя месяцы і паўторны аналіз не рабіць. З іншага боку, у тым жа “Харчавіку” насенне праверылі, дакумент атрымалі і, як кажуць, забыліся на гэта. Тым болей, што да 15 снежня насенне зерневых і зернебабовых павінна быць ачышчана і праверана ва ўсіх без выключэння гаспадарках. З улікам таго, што аналізы займаюць не адзін дзень, гэтае пытанне яны павінны трымаць на кантролі.
— Ачыстку насення ў сельгасарганізацыях выконваюць уласнымі намаганнямі?
— Зерневыя і зернебабовыя чысцяць самі. У адных для гэтага ёсць спецыяльныя лініі, у другіх — машыны, у “Гіганце” — насенны завод з сучасным абсталяваннем. А вось травы часткова ачышчаюць на спецыялізаваным прадпрыемстве “Насенне траў” у Магілёве. Тэрмін іх ачысткі і праверкі некалькі пазнейшы — да 1 сакавіка.
— Гэтага насення ў раёне таксама дастаткова?
— Не зусім. З-за ўмоў надвор’я, якое ў апошнія гады ўсталявалася, раёну не ўдаецца назапасіць пад поўную патрэбу ўласнага насення траў. Насаджаныя ў папярэднія гады насеннікі — дзе цалкам, дзе часткова, пагарэлі, таму траву прыдзецца набываць. Спадзяемся, што ў наступным годзе сітуацыя зменіцца ў лепшы бок. У тым жа “Гіганце” сёлета заклалі болей за 400 га насеннікаў і цяпер галоўнае, каб яны добра перазімавалі і выспелі. Тут жа адзначу, што ў раёне сёлета нядрэнны ўраджай проса — намалочана каля 450 т вораху, з якога плануецца атрымаць звыш 200 т чыстага насення. Проса выкарыстоўваецца на зялёную масу. Культура багатая на цукар, таму добра падыходзіць для травяных кармоў. За кошт яе гаспадаркі на наступны год змогуць папаўніць свае кармавыя базы.
Тое ж самае можна сказаць пра сурэпіцу, насенне якой таксама сабралі, і багатую на харчовыя рэчывы траву райграс адналетні. 7 т чыстага насення райграсу, якія ў раёне маюцца — не так і шмат, але будуць выкарыстаны для размнажэння культуры.
— Што можаце сказаць пра рэпрадукцыйны склад насення ярыны?
— Рэпрадукцыйны склад якраз-такі нядрэнны: 15 т насення зерневых у нас засыпана ў пітомнікі размнажэння, маецца больш за 200 т суперэліты, 200 т эліты, 1259 т насення 1 рэпрадукцыі, крыху болей за 600 — другой, 110 — трэцяй, наступных — каля 400 т. Трэцяя і наступныя рэпрадукцыі — гэта насенне зернебабовых. З улікам дэфіцыту апошняга дапускаецца выкарыстанне і насення больш нізкіх рэпрадукцый. Пасевы з яго выкарыстоўваюцца на корм жывёле.
— Дзякуй, Сяргей Анатольевіч, за размову.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.