У Цэнтры творчасці рады кожнаму дзіцяці
З 5 па 10 верасня ў Беларусі праходзіць Тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Яго мэта — прыцягненне хлопчыкаў і дзяўчынак да заняткаў у гуртках, секцыях і іншых аб’яднаннях па інтарэсах з улікам таго, што закладзены ў дзецях інтэлектуальны і творчы патэнцыял найбольш поўна рэалізуецца менавіта ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Адукацыйны працэс тут пабудаваны з улікам індывідуальнасці кожнага юнага грамадзяніна і накіраваны на максімальнае развіццё яго здольнасцей.
Цэнтр творчасці Бабруйскага раёна ў рамках тыдня актыўна рыхтуецца да работы аб’яднанняў у новым навучальным годзе. Прадугледжана правядзенне традыцыйных мерапрыемстваў — рэкламы аб’яднанняў па інтарэсах у школах, тэатральна-гульнёвых праграм, майстар-класаў педагогаў дадатковай адукацыі, выстаў творчых работ навучэнцаў і педагогаў, дабрачынных акцый. Цэнтр творчасці імкнецца ахапіць сваёй увагай навучэнцаў практычна ўсіх узростаў. Прапаноўвае заняткі ў аб’яднаннях сольнага і вакальнага спеваў, ігры на гітары, выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, экалагічнага, тэатральнага, харэаграфічнага, фізкультурна-спартыўнага і іншых накірункаў. У педагогаў цэнтра ёсць цудоўнае правіла — не зачыняць дзверы перад тымі, хто зацікавіўся яго работай: з радасцю дапамогуць кожнаму новаму навучэнцу выявіць у сабе тыя ці іншыя здольнасці і з нецярпеннем чакаюць сустрэчы з яскравымі юнымі талентамі.
Алена КАРПЕНКА.