Темы

Перамогу сустрэлі з радасцю і плачам

Два гады, як Зіновій Радзівонавіч Аляксееў не быў у родных Вуглах — здароўе не дазваляе. Хоць і яму самаму, і жонцы Кацярыне так не хацелася пераязджаць у горад, пакі­даць малую радзіму і звыклае месца: вёска і зямля надзвычай моцна трымаюць людзей. “Давялося пакінуць і будоўлю, і лазню, якая зусім побач з домам, — са шкадаваннем у голасе заўважае былы салдат. — А ў свой час у гаспадарцы ўсё было: конь, карова, гадавалі быкоў, парасят, куры хадзілі па падворку, гусі…” 

IMG_06529Цяпер ветэран Вялікай Айчыннай жыве ў дачкі Ніны ў Бабруйску. Акурат год, як не стала другой палавінкі, з якой у ладзе і згодзе пражылі больш за сем дзясяткаў год і нажылі ні многа ні мала — сямёра дзяцей: шэсць дочак і сына…

“І зноў у Зіновія гора, — з усмешкай прыгадвае састарэлы чалавек словы сваяка пасля чарговых народзінаў у ягоным доме, — і зноўку дзеўка нарадзілася!”. А не ведаў той родзіч, што гэтае, па яго меркаваннях, гора, абернецца для Аляксеевых у пажылыя гады сапраўдным шчасцем — сёстры з вялікім клопатам і турботай дагледжваюць бацькоў (у час нашага наведвання тры з іх таксама былі ў ветэрана). Дарэчы, да шлюбу Зіновія і Кацярыну падштурхнула вайна. Калі яна пачалася, статны юнак быў яшчэ не ў тым узросце, каб ісці на фронт, але прыдатны, па мерках захопнікаў, да прымусовых работ на нямеччыне. Адзінае, што магло пазбавіць ад гэтага — стварэнне сям’і: на той час немцы праяўлялі большую цікавасць да адзінокіх юнакоў і дзяўчат. Таму пытанне жаніцьбы бацька паставіў перад сынам востра. Будучая абранніца Зіновія Кацярына з пачаткам вайны вярнулася ў бацькоўскі дом з горада, дзе працавала. Маладыя людзі час ад часу сустракаліся, каб прайсціся па вёсцы, паразмаўляць. Менавіта да яе з прапановай пажаніцца і пайшоў Зіновій. Праўда, у хату ісці не давялося: дзяўчына якраз ішла насустрач. Узяўшы яе за руку, малады чалавек запытаўся, ці хацела б яна вось так, пабраўшыся за рукі, пайсці з ім па жыцці? Кацярына адказала згодай. Пасля гэтага справа была за малым — атрымаць блаславенне абодвух бацькоў і бацюшкі. І першыя, і другі не пярэчылі. З вяселлем, праўда, не атрымалася — не той для гэтага быў час.

Вяртаючыся ў размове назад, Зіновій Радзівонавіч прыгадвае з’яўленне ў іх Вуглах фашыстаў. Спачатку вяскоўцы пачулі гул нямецкіх самалётаў — бомба за бомбай ляцелі на мірную зямлю, а зусім хутка з’явіліся і самі захопнікі. Вытваралі варожыя салдаты, што хацелі. На вачах юнака застрэлілі жанчыну-бежанку з маленькім дзіцяці…

— Праўда, сярод нямецкіх салдат не ўсе былі аднолькавыя, — заўважае ветэран. — Некаторыя паводзілі сябе спакойна, да людзей не чапляліся, а іншыя — што зверы…

Успамінае і выпадак з каровай, які мог кашта­ваць яму жыцця:

— У прыданае за жонкай цесць даў карову, а ў маіх бацькоў і свая была, таму стала дзве. Каб не трапіць з-за гэтага на прыцэл да ахвочых на кароў немцаў, стараста параіў нам, маладым, шукаць якую хатку і жыць асобна. Так і зрабілі. Адступаю­чы, акупанты сталі выганяць людзей на работу на дарогу — партызаны мініравалі апошнія, і, каб праверыць іх бяспеку, вораг найперш пасылаў туды мясцовых жыхароў. У той дзень мы знахо­дзіліся акурат у раёне стасеўскага маста, калі пайшла чутка — немцы пакідаюць вёску. Пакідалі лапаты — і да дому. Падыходжу і бачу — на двары варожыя салдаты, а тут каровы з поля ідуць, наша накіравалася ў двор. Адзін з іх схапіў рагулю за рогі і намерваецца вывезці з падворка. Я крычу. А ён знае сваё — валачэ. Я падбег, повад з рук выхапіў, за карову і ў хляўчук. Нямецкі салдат паваліўся, тут жа падхапіўся пад рогат другога, але страляць не стаў.

На вайну Зіновій Радзівонавіч ішоў з прызыўнога пункту ў Кісялевічах.

— Там нас абмундзіравалі і раздзялілі — старэйшых у адну групу, маладзейшых — у другую. Да мяне прыставілі кулямёт, нахутка расказалі, як з ім абыходзіцца. Вызначылі напрамак — Поль­шча, і мы пайшлі. Не сказаць, каб страшна было ісці ў бой: маладыя былі, фізічна загартаваныя, але хваляванне ўсё ж прысутнічала. Разумелі, чаго будзе каштаваць промах падчас сустрэчы з ворагам.

На подступах да Варшавы Зіновія Радзівонавіча параніла. Асколак засеў паміж правай лапаткай і паз­ваночнікам, там знаходзіцца і дагэтуль: медыкі не раілі даставаць, каб не зрабіць горш. Пасля шпіталя зноўку накіравалі ў сваю дывізію і роту. Другое раненне ветэран атрымаў ужо ва Усходняй Прусіі, пасля вызвалення Польшчы.

— Там баі былі ой-ёй-ёй якія жорсткія! — прыгадвае ветэран. — І адступаў немец, і адчуваў свой канец, а ўсё адно не здаваўся! Яму ўвесь час дапамагалі — скідвалі дэсант. Ну але ж нас ён усё роўна не адолеў… Асабліва жорсткія баі вяліся за горад Макаў. Каб яго вызваліць ад немца, мы рыхтаваліся фарсіраваць раку. За ноч плытоў уручную нарабілі, добра, што лес быў побач. Горад абаранялі 40 танкаў, якія мелі намер праз поле наблізіцца да ракі і не дапусціць пераправы праціўніка. Але нашыя салдаты не драмалі — за ноч мінёры пераправіліся на той бераг і ўсё поле да горада замініравалі. Перамяшчаючыся па ім, варожыя танкі сталі адзін за адным узлятаць у паветра. Назіраючы за гэтым, мы, вядома ж, радаваліся. Пасля Макава пайшлі на Кенігсберг. Але, калі выходзілі з горада, мяне другі раз параніла. З напарнікам-літоўцам мы скончылі акопвацца, калі ўжо надыйшла ноч. Камандзір загадаў памяняць пазіцыю, бо вораг напэўна засёк кропку. Толькі ўзяліся гэта рабіць, як нас падкасіла: мяне ў адну нагу, літоўца — у абедзьве. Нас тут жа перавязалі і накіравалі ў шпіталь, адтуль поездам — у тыл. Так я апынуўся ў Маскве, дзе і сустрэў перамогу. Гэты дзень памятаю яскрава — гвалт ад крыку стаяў, людзі абдымаліся і плакалі, нам па 100 грамаў гарэл­кі налілі (ветэран не стрымлівае слёз).

Знаходжанне ў шпіталі не прывяло да поўнага вылечвання нагі, таму да страявой службы Зіновія Радзівонавіча прызналі не годным і накіравалі ў ваенізаваную ахову.

— Стаяў на прахадной, палонных немцаў прапускаў на работу і рэгістраваў, калі вярталіся, — расказвае ён. — Больш як год такой службы было.

У Маскве Зіновія Радзівонавіча прасілі застацца і надалей, аднак ён не згадзіўся: хацелася на радзіму, да сям’і (на той час ужо падрасталі дзве дачушкі). Ды і голад у сталіцы быў — куды сям’ю прывязеш? А ў вёсцы ўсё ж можна было трымаць гаспадарку.
Пасля вайны Зіновій Радзівонавіч працаваў у калгасе — пасвіў жывёлу. Разам з Кацярынай Філарэтаўнай падымаў на ногі дзяцей, імкнуйся даць ім пуцёўку ў дарослае жыццё, якое, быў упэўнены ветэран — будзе мірным і шчаслівым. Бо менавіта дзеля гэтага ён станавіўся пад кулі, рызыкаваў сваім жыццём.

Алена КАРПЕНКА. Фота з сямейнага архіву.

P.S. Добрага Вам здароўя, паважаны Зіновій Радзівонавіч! Добрага здароўя ўсім Вам, шаноўныя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, і дзякуй за Перамогу!

Последние новости

Человек и природа

В Беларуси до 28 февраля введен запрет на лов налима

26 декабря 2024
Читать новость
Актуально

Лукашенко принимает участие в саммите ЕАЭС. В 2025 году председательство в союзе переходит к Беларуси

26 декабря 2024
Читать новость
Происшествия и безопасность

Опасность бенгальских огней: рекомендации МЧС при их использовании

26 декабря 2024
Читать новость
Актуально

«От всей души». На Бобруйщине поздравили ветерана Великой Отечественной войны

26 декабря 2024
Читать новость
Общество

Пособия семьям с детьми. Об изменениях и новациях рассказали в Минтруда и соцзащиты

26 декабря 2024
Читать новость
Общество

Могут ли родители размещать в соцсетях видео и фото с утренника в детском саду?

26 декабря 2024
Читать новость

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.
Главный редактор Ольга Геннадьевна ГРЕК.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем