Шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце і ўсе людзі добрай волі!
Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!
Няхай гэтая Пасхальная радасць адгукнецца ў сэрцы кожнага, хто адказвае з вялікай пашанай на гэты радасны вокліч!
Гэта ўрачыстасць Перамогі Езуса, у якой Ён нам дае ўдзел, дык скарыстайма з яе ў сваіх штодзённых змаганнях з клопатамі, цяжкасцямі і непаразуменнямі, якія ўзнікаюць на жыццёвым шляху.
А святочны стол з вялікоднымі стравамі і чырвонымі яйкамі няхай нас яшчэ больш з’яднае паміж сабою і дапаўніць надзеяй, якой так часта не хапае ў шэрай паўсядзённасці. Няхай супакой Хрыстовы пранікне нашыя светлыя памкненні ў будучых стараннях, каб мы, дбаючы аб здароўі фізічным, не забываліся і аб духоўным.
Марыя — Маці Міласэрнасці, атуляй жа нас, Сваіх дзетак, плашчом апекі і абароны ад ліхоцяў духа злога, якога Твой Сын, а наш Пан Езус Хрыстус перамог!
Пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску ксёндз Андрэй Яркавец.