Раённая каманда — на спартакіядзе
З 22 па 24 студзеня горад Крычаў прымаў удзельнікаў абласной зімняй спартакіяды сярод сельскіх раёнаў Магілёўшчыны, холдынгаў, аб’яднанняў, арганізацый і кіраўнікоў аграпрамысловага комплексу. Мерапрыемства праводзілася ў мэтах рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі.
Каманда нашага раёна налічвала 24 чалавекі. У яе склад увайшлі аматары фізічнай культуры з ліку працаўнікоў раённых арганізацый. Узначаліў каманду старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Феднеў.
Нягледзячы на тое, што спартакіяда зімняя, віды спорту адно толькі зімнімі не абмежаваліся. Разам са спаборніцтвамі па лыжных гонках і лыжнай эстафеце прысутнічалі і такія, як валейбол, настольны тэніс, плаванне — усяго 10.
У цэлым раённая каманда заняла 11-е месца з 28 каманд-удзельніц. Найлепшы вынік:
2-е месца ў лыжным спорце — у Андрэя Лётава з ТАА “Неўскі-Агра”. Прызавыя месцы таксама занялі: у спаборніцтвах па шашках — Васіль Аляхно з БДПЛ №13; па дартсе — Андрэй Шавераў з БДАЭКа, па плаванні — Уладзімір Жылінскі з гэтай жа ўстановы.
Акрамя хвалявання, якое прысутнічае на спаборніцтвах не толькі абласнога маштабу, спартакіяда запомніцца яе ўдзельнікам прыемнымі ўражаннямі, незабыўнымі сустрэчамі і цудоўным надвор’ем.
Алена КАРПЕНКА.