У якім доме жыць — залежыць ад чалавека
Каляндарны год падыходзіць да завяршэння, а гэта значыць — некаторыя яго вынікі (хоць яшчэ і не канчатковыя) ўжо можна падвесці. Аб гэтым — у нашай размове са старшынёй раённага Савета дэпутатаў А.І. Емяльянавым.
1. Кароў на падворках стала меней
— Аляксандр Іванавіч, якія вынікі ўжо відавочныя? Напрыклад, як справы з жывёлай на ўласных падворках?
— З упэўненасцю можна сказаць, што кароў у нашых вяскоўцаў стала меней. Калі на пачатак 2015 года іх налічвалася 1226 галоў, то па стане на 1 лістапада — 951. І звязана гэта найперш са старэннем насельніцтва. Тое пакаленне, якое не ўяўляла свайго жыцця без рагулі на падворку, імкліва радзее, іншыя ўжо не ў стане хадзіць за жывёлай. А моладзь пасля навучання ў горадзе далёка не ўся вяртаецца на малую радзіму, а калі і выбіраюць сельскі ўклад жыцця, то каровай абзаводзіцца не спяшаюцца.
— Але ж рагуля, як даводзіцца чуць ад знаёмых, — добры падспорак да сямейных бюджэтаў?
— Так. І тыя маладыя сем’і, якія не баяцца сябе абцяжарыць працай, гэта, упэўнен, адчуваюць. У нас ёсць сем’і, якія ў падсобных гаспадарках і па дзве, і па тры каровы трымаюць. Маюцца і фермеры, якія займаюцца малочнай жывёлагадоўляй. Людзі працуюць і бачаць аддачу ад працы.
— З дзяцінства памятаю пра складанасці, звязаныя з назапашваннем травянога корму для жывёлы. Звычайна яны былі выкліканы недастатковасцю сенакосаў. Цяпер такая праблема маецца?
— Праблемы такой няма. Сям’я, дзе ёсць працоўныя рукі, можа ўласнымі намаганнямі нарыхтаваць сена пад поўную патрэбу. Для гэтых мэт сенакосаў у раёне дастаткова.
— А калі людзі, скажам, увесь дзень на працы, але могуць дазволіць сабе купіць сухой травы для каровы, такая магчымасць у іх маецца?
— Маецца. Сёлета гаспадаркі, у прыватнасці, ААТ “Саўгас Кісялевічы”, ААТ “Аграмашсервіс” такую магчымасць сваім працаўнікам прадастаўлялі. Цана на сена адпавядала ўстаноўленай у сельгасарганізацыі. Што датычыцца лішкаў малака, то яго закуп у насельніцтва на ўсёй тэрыторыі раёна наладжаны. Зборам прадукцыі займаюцца як сельсаветы — Кавалёўскі, Гарбацэвіцкі і Варатынскі, так і індывідуальныя прадпрымальнікі. Усе гаспадары, хто сёння жадае прадаць малако, могуць гэта зрабіць. І нараканняў на арганізацыю збору ад вяскоўцаў не паступала.
2. План рамонту дарог выкананы
— На пачатку кожнага года, наколькі ведаю, зацвярджаецца план рамонту дарог на наступны. З сёлетнім планам у раёне справіліся?
— Можна сказаць, што так. Планавалася выдаткаваць на цякучы і капітальны рамонт дарог болей за 2 млрд. 225 млн. рублёў. Па капітальным рамонце на гэты час усё выканана, цякучы працягваецца яшчэ і зараз. Такім чынам ўсе запланаваныя на рамонт дарог грошы будуць асвоены. Болей таго, дзякуючы цёпламу снежню мы плануем выкарыстаць на рамонтныя работы яшчэ і тыя грошы, што планаваліся на ачыстку дарог ад снегу ў гэтым месяцы. На першай чарзе з гэтых сродкаў — вуліцы Лясная і Калгасная ў в. Слабодка. Дарэчы, да рамонту Лясной ужо прыступілі.
3. Пытанне добраўпарадкавання застаецца вострым
— Сёлета шмат увагі надавалася добраўпарадкаванню раёна: праводзіліся суботнікі, быў аб’яўлены месячнік па навядзенні чысціні на зямлі, на працягу года працавала рэйдавая група райвыканкама па добраўпарадкаванні, сродкі масавай інфармацыі вялі тлумачальную работу… Што зроблена ў гэтым накірунку сельвыканкамамі, і чаму, на Ваш погляд, у гэтым пытанні нельга нарэшце паставіць кропку?
— Пытанне добраўпарадкавання населеных пунктаў сёлета сапраўды стаяла і працягвае стаяць на павестцы надзвычай востра. На пастаянным кантролі сельвыканкамаў — збор адходаў УКП “Жылкамгас”. Безупынку вядзецца тлумачальная работа з насельніцтвам па складзіраванні, у адпаведнасці з заканадаўствам, будаўнічых матэрыялаў, недапушчэнні несанкцыянаваных звалак, своечасовай абкосцы ў цёплы перыяд года тэрыторый уласных домаўладанняў і прылягаючых да іх, добраўпарадкаванні, утрыманні ў чысціні і азеляненні тэрыторый арганізацый і прадпрыемстваў, што размяшчаюцца на землях, падведамасных сельсаветам. На працягу дачнага перыяду вялася работа з членамі садова-агародных таварыстваў па пытаннях правільнага абыходжання з адходамі, у тым ліку другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі. Займаліся добраўпарадкаваннем грамадзянскіх могілак. Тут хачу адзначыць, што калі з навядзеннем чысціні на вясковых могілках праблем звычайна не ўзнікае, то блізкія да горада — вёсак Слабадкоўскага, Сычкаўскага і Хімоўскага сельсаветаў, дзе знаходзяць апошні прытулак і гараджане, — патрабуюць павышанай увагі і значна большых грашовых затрат на ўтрыманне. І грамадзян арганізаваць для навядзення чысціні на такіх могілках значна складаней. А ўвогуле пытанні добраўпарадкавання былі і будуць. Некаторыя населеныя пункты “старэюць” і як вынік — з’яўляюцца пустуючыя дамы і зямля, якую мы імкнемся ўключыць у абарот сельгасарганізацый. Пры гэтым шмат што ў плане чысціні і парадку залежыць ад чалавека, яго культуры, выхаванасці, імкнення жыць у дагледжаным домаўладанні, прывабным населеным пункце і ўсведамлення, што ўсё гэта павінен ствараць ён сам. На жаль, пакуль такое ўсведамленне далёка не ва ўсіх нашых жыхароў. Таму і сустракаюцца яшчэ і несанкцыянаваныя звалкі, і засмечаныя вуліцы, дарогі, і захламленыя лясныя масівы, на ачыстку якіх даводзіцца выкарыстоўваць і людскія, і матэрыяльныя рэсурсы — сродкі, якія б маглі пайсці на іншыя патрэбныя справы.
Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву рэдакцыі.