Адходы — у даходы

Да ліку бытавых адходаў жыццядзейнасці чалавека, якіх некаторыя з грамадзян па звычцы імкнуцца «перасяліць» з падворка за ваколіцу ці ў бліжэйшы хмызняк, адносяцца і тыя, што чалавеку — пасля перапрацоўкі — здольны яшчэ паслужыць.
Праўда, каб апошняе здарылася і выкарыстаныя так званыя другасныя матэрыяльныя рэсурсы — папера, шклобой, поліэтылен і іншыя — ператварыліся ў патрэбныя рэчы, ад кожнага з нас патрабуецца правільна з імі абыходзіцца.
На тэрыторыі раёна збор цвёрдых бытавых адходаў, згодна зацверджанага графіка для кожнага населенага пункта, ажыццяўляе УКП “Жылкамгас”. Жыхары аграгарадкоў, а таксама пасёлкаў Глуша і Туголіца могуць выкарыстаць для гэтага спецыяльныя кантэйнеры для асобнага збору адходаў. Забяруць другасныя матэрыяльныя рэсурсы, ды яшчэ і заплацяць за іх грошы ўсе магазіны Бабруйскага гандлёвага цэнтра на тэрыторыі раёна. А ў пасёлках Глуша, Рэдкі Рог і Туголіца — і створаныя для гэтых мэт нарыхтоўчыя пункты жылкамгаса, дзе сёння за 1 кілаграм макулатуры прапаноўваюць 1000 руб., за кілаграм шклобою — 800 руб., ПЭТ-бутэлькі — 1200 руб. Збор будаўнічых адходаў ажыццяўляе УКВП “Прамадходы” на палігоне ў в. Вішнёўка. Іх утылізацыя жыхару раёна абыдзецца ў 182 000 рублёў за 1 тону. Што датычыцца складанай бытавой тэхнікі, то яе — бясплатна — возьмуць на пляцоўцы для асобнага збору другасных матэрыяльных рэсурсаў па вул. Арджанікідзе, 1. А вось дравесна-кустарнікавыя і раслінныя адходы жылкамгас не прымае. Ад іх вяскоўцы павінны пазбаўляцца самастойна. Першыя падлягаюць спальванню на ўласных зямельных надзелах (абавязкова выкананне мер перасцярогі!), другія — складзіраванню ў кампостных ямах.
Алена КАРПЕНКА.