Сезон нарыхтовак працягваецца
Лета і восень для вяскоўцаў і гараджан, якія маюць у карыстанні ўласныя зямельныя надзелы і любяць наведвацца ў лес, — гарачая пара ўборкі ўраджаю. Не меньш гарачая і напружаная яна і для нарыхтоўшчыкаў Бабруйскага гандлёвага цэнтра, задача якіх закупіць прадукцыю, якую прапаноўвае насельніцтва і якая карыстаецца попытам на ўнутраным і знешнім рынках,Тыя ж чарніцы — надзейны экспартны тавар. Ці паўплывала сёлетняе засушлівае лета на аб’ёмы нарыхтовак сыравіннай прадукцыі? Ці ёсць што, у сувязі з гэтым, пастаўляць перапрацоўшчыкам замежжа? У якой прадукцыі дадзенай парой Бабруйскі гандлёвы цэнтр зацікаўлены? Гэтыя і іншыя пытанні мы задалі намесніку дырэктара па нарыхтоўках і прамысловасці прадпрыемства А.А. Варановіч.
— Алена Аляксандраўна, як у цэлым можаце ахарактарызаваць сёлетні сезон нарыхтовак дароў лесу, садавіны і гародніны?
— Гэты год для нас складаны, у тым плане, што лета выдалася надзвычай спякотным і засушлівым і былі абмежаванні па наведванні лесу, а значыць — і па зборы чарніц. Аднак з улікам таго, што да сярэдзіны ліпеня прайшлі дажджы і абмежаванне было знята, нарыхтоўка чарніц пайшла надзвычай шпарка: удалося закупіць 94 тоны. Прымалі каштоўную ягаду і ва ўсіх нашых крамах. Асобна нарыхтоўшчыкі працавалі, таму кампанія па яе закупе прайшла, лічу, паспяхова.
— А як у параўнанні з мінулым годам?
— Мінулы быў неўраджайны на чарніцы, нарыхтавалі ўсяго толькі 2 тоны. А ў папярэднія гады закупалі і па 80, і па 120-150 тон. Таму сёлета паказчык сярэдні, а з улікам цяперашняга лета — нядрэнны.
— Як абыйшліся з ягадай?
— 40 тон чарніц мы ўжо адправілі на экспарт, у Польшчу. Да канца верасня плануем і астатнюю ягаду паставіць у гэтую краіну.
— Ад збору да адпраўкі — не адзін дзень. Дзе яе захоўваеце? Ці маюцца ўмовы зрабіць гэта якасна?
— Усе ўмовы для якаснага захоўвання ёсць. Перапрацоўкай чарніц займаецца прадпрыемства суседняга з намі Глускага раёна “Глуское лукошко”. Там маецца спецыяльна абсталяваная для гэтых мэт лінія і неабходныя складскія памяшканні. Добрыя ўмовы для захавання і ў нашым гандлёвым цэнтры, таму трымаем ягаду і тут. Дарэчы, прадукцыя глускага прадпрыемства карыстаецца вялікім попытам. Яе добра ведаюць і ў Прыбалтыцы, і ў Польшчы і з задавальненнем бяруць. З гэтымі краінамі ў нас даўно склаліся добрыя партнёрскія адносіны, і мы радыя, што і сёлета яны прадоўжыліся.
— Якую-небудзь яшчэ ягаду нарыхтоўвалі ў гэтым сезоне?
— Нарыхтоўвалі суніцу садовую. Для гэтага ездзілі ў Брэсцкую вобласць, дзе займаюцца вырошчваннем ягады масава. Праз нашыя магазіны і рынкі Бабруйска прадалі болей за 6 тон свежай прадукцыі. Нарыхтоўвалі таксама парэчку чорную і чырвоную. Актыўна гандлявалі ёю як на Бабруйшчыне, так і на рынках Магілёва, Мінска. Попыт на парэчку, асабліва чорную, быў надзвычай высокі, прадалі болей за 8 тон. Прымалі чорнаплодную рабіну. На жаль, нарыхтавалі не столькі, як хацелася б, — усяго 5 тон: ад спякоты ягада была кволай.
— Нашым чытачам, упэўнена, цікава, што нарыхтоўваеце на гэтую пару?
— Гэтым часам займаемся нарыхтоўкай яблык (ападу) у насельніцтва. Закупачная цана на сёння — 600 рублёў за 1 кг. Прымаюць яблыка ўсе нашыя гандлёвыя прадпрыемствы, а таксама нарыхтоўшчыкі. Прыкладна з сярэдзіны верасня пачнецца сезон масавай нарыхтоўкі гародніны. Для планавага гандлю мы і зараз закупаем усё неабходнае: гуркі, капусту, моркву, таматы, перац, баклажаны, часнок, фасолю, а прыкладна з 15 верасня пачнецца сезон закладкі гародніны на міжсезонне. Таксама з 28 жніўня пачалі прымаць брусніцы. З 8 верасня маецца дазвол на нарыхтоўку журавін.
— А што з грыбамі? Ці ўдалося нарыхтаваць хоць колькі?
— Грыбы заўсёды запатрабаваныя, мы іх чакалі і сёлета. Аднак з-за засушлівага надвор’я нарыхтавалі толькі каля 60 кг лісічак. Паставілі іх жыхары такіх лясных населеных пунктаў, як Орсічы, Рэдкі Рог. У мінулыя гады мы нямала нарыхтоўвалі баравікоў, чырвонагаловікаў, апёнак… Гандлявалі і свежымі, і перапрацаванымі. Спадзяемся, што грыбы яшчэ будуць.
— Як абстаіць справа з падвозам прадукцыі? Скажам, пажылы чалавек пражывае ў аддаленым маланаселеным пункце. Хацеў бы прадаць яблыка, але аб’ёмы немалыя, а сілы няшмат.
— Для гэтага можна звязацца з бліжэйшым нашым магазінам. Там маецца ўсё неабходнае, каб прыняць яблыка. Ёсць у нас таксама перасовачны прыёмны пункт з нашай рэкламай. Акрамя прадукцыі раслінаводства, мы закупаем у насельніцтва другасную сыравіну: макулатуру, шклобой, адходы поліэтылену і іншае. У гэтых мэтах нашыя машыны двойчы на тыдзень — у сераду і пятніцу — выязджаюць па вызначаных маршрутах і могуць заехаць практычна ў любое месца, дзе ў тым ёсць патрэба. Так што спосабы маюцца розныя. Заяўкі прымаем пастаянна — звяртацца можна як у магазіны, так і ў наш аддзел нарыхтовак па тэлефоне: 72-65-56. І імкнемся іх неадкладна выконваць.
— Поспех любой справы, як вядома, залежыць ад людзей, якія яе выконваюць. З ліку нарыхтоўшчыкаў ці ёсць такія, каго б хацелі асобна вылучыць?
— Нашыя нарыхтоўчыя пункты месцяцца як на тэрыторыі раёна, так і ў горадзе Бабруйску. З раённых хачу вылучыць пункты в. Слабодка (нарыхтоўшчык А.А. Дубовік), дзе актыўна вялася нарыхтоўка смародзіны, земляніц, яблык. Добра наладжана работа з другаснай сыравінай. І пункт пас. Глуша (нарыхтоўшчык І.Г. Заідзэ), якая сёлета адных толькі чарніц нарыхтавала болей за 30 тон. Улічваючы блізкасць лесу, у пасёлку традыцыйна добра нарыхтоўваюць чарніцы, грыбы, клюкву. На апошнюю сёлета таксама спадзяемся.
— Дзякуй Вам, Алена Аляксандраўна, за размову. Жадаем, каб усе спадзяванні, ад якіх залежыць і дабрабыт вашага прадпрыемства, і дабрабыт вяскоўцаў, абавязкова збыліся.
Алена КАРПЕНКА.