Выхаванцаў лагераў сабрала спартакіяда
Школьнікі на канікулах. Многія з іх бавяць час у летніх аздараўленчых лагерах з дзённым знаходжаннем, дзе для іх штодня арганізуюцца цікавыя мерапрыемствы самага рознага накірунку. І, вядома ж, не абыходзіцца без спартыўных. Каб прадэманстраваць свае здольнасці ў тым ці іншым відзе спорту, выхаванцы лагераў спаборнічаюць не толькі адзін з адным і паміж атрадамі ўстановы, але і з іншымі лагерамі.
У мінулую пятніцу, да прыкладу, у мэтах павышэння ролі фізічнай культуры і спорту ў паўсядзённым жыцці дзяцей і падлеткаў, прапаганды здаровага ладу жыцця і выяўлення мацнейшых спартсменаў, на базе Бортнікаўскай школы прайшла спартакіяда сярод аздараўленчых лагераў раёна. Падчас яе выхаванцы спаборнічалі ў легкаатлетычным двухбор’і: бегу на 30 м і скачках ў даўжыню з месца, а таксама гулялі ў міні-футбол і піянербол.
Па выніках спартакіяды 1-е месца заняла каманда лагера Міхалёўскага ВПК “Дзіцячы сад-СШ”, 2-е — Варатынскай СШ, 3-е — Бортнікаўскай СШ. Каманда аздараўленчага лагера Хімоўскага ВПК “Дзіцячы сад-СШ” на гэты раз стала чацвёртай.
Алена КАРПЕНКА.