Чалавек павінен быць гаспадаром на зямлі
З надыходам характэрнага для сакавіка надвор’я ў раёне шмат увагі сталі надаваць добраўпарадкаванню тэрыторый, навядзенню чысціні на зямлі. Гэтым заняты работнікі дарожных службаў, сельгасарганізацый. Праводзіцца такая работа на тэрыторыі іншых аб’ектаў народнай гаспадаркі, і непасрэдна ў населеных пунктах.
У Гарбацэвіцкім сельсавеце, да прыкладу, як паведаміла старшыня сельвыканкама Галіна Прыгара, дадзеная работа вядзецца літаральна штодня. У гэтых мэтах тут заключаюць дагаворы з работнікамі, у абавязку якіх сачыць за парадкам ва ўсім сельсавеце і асабліва ў аграгарадку, на трасах. Шмат увагі патрабуюць да сябе, па словах старшыні сельвыканкама, грамадзянскія могілкі, якіх на тэрыторыі трынаццаць. Там уборка вядзецца на працягу ўсяго года, практычна штодня: людзі наведваюць магілы родных, прыбіраюць іх і выносяць смецце. Галіна Прыгара звяртаецца да жыхароў Гарбацэвіцкага сельсавета і ўсіх вяскоўцаў з заклікам быць гаспадарамі на сваёй зямлі: выносіць смецце толькі ў спецыяльна адведзеныя для гэтых мэт месцы (яны на тэрыторыі сельсавета пазначаны і агароджаны), сачыць за агароджай сваіх домаўладанняў, за парадкам і чысцінёй падворкаў і калядваровых тэрыторый — за ўсім тым, з чаго складваецца агульнае ўражанне пра населены пункт, што робіць яго ўтульным для саміх жыхароў і прыцягальным для гасцей.
Алена КАРПЕНКА.