Аб другаснай сыравiне…
Шукаць, куды б дзець другасныя матэрыяльныя рэсурсы, такія як макулатура, шклобой, металалом, поліэтылен і іншыя, жыхарам нашага раёна не трэба: іх гатова забраць Бабруйскае райспажыўтаварыства, прычым, не проста так, а за грошы, якія, згадзіцеся, лішнімі не бываюць. Дзеля гэтага — заўважаюць у таварыстве, у раёне створаны ўсе ўмовы. Якія дакладна — аб гэтым і будзе нашая размова з намеснікам старшыні па нарыхтоўках і вытворчасці райста А.А. Варановіч:
— Алена Аляксандраўна, на сённяшні дзень куды жыхары раёна могуць здаць другасную сыравіну і як даводзіцца да вяскоўцаў інфармацыя пра пункты нарыхтоўкі?
— Прыёмачна-нарыхтоўчых пунктаў на тэрыторыі раёна некалькі. Мы арганізавалі іх работу на базе неэксплуатуемых збудаванняў, там, дзе раней былі прамтаварныя магазіны: у Слабодцы, Вішнёўцы, Гарохаўцы, Вялікіх Бортніках і ў пасёлку Глуша. Гэта стацыянарныя нарыхтоўчыя пункты. Акрамя таго ў нас маецца сетка раз’язных нарыхтоўшчыкаў і два перасоўчых прыёмачна-нарыхтоўчых пункты. Гэта спецыяльна абсталяваныя машыны, з рэкламай, якія ездзяць па населеных пунктах, збіраючы другасную сыравіну і розную сельгаспрадукцыю. Для таго каб пра нас ведалі, пастаянна даем рэкламу ў сродках масавай інфармацыі, у прыватнасці, у раённай газеце і на раённым радыё. Гэтую тэму закранаем падчас дня інфармавання насельніцтва, пашыраных сходаў з удзелам грамадскасці, дзе бываюць нашыя работнікі. Акрамя таго, на кожным магазіне райста маюцца аб’явы пра тое, што мы закупаем другасныя матэрыяльныя рэсурсы і сельгаспрадукцыю, з цаной на іх. І, трэба сказаць, станоўчыя вынікі нашай работы ёсць — даведзены райспажыўтаварыству дзяржаўны заказ па нарыхтоўцы макулатуры, шклобою на сёння па раёне мы выконваем. Некалькі горшая сітуацыя з выкананнем дзяржпраграмы: гэта звязана з тым, што даведзенае заданне на бягучы год нашмат пераўзыходзіць тыя аб’ёмы, якія арганізацыя здолела выканаць у мінулым. Але пры ўсім пры гэтым лічбы нарыхтаванага на душу насельніцтва па Бабруйскім раёне ў нас адны з найлепшых на Магілёўшчыне. Разумеючы значнасць пастаўленай перад намі задачы па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў, калектыў таварыства прыкладае ўсе намаганні, каб з ёй справіцца. У гэтых мэтах ездзілі ўлетку на дачныя масівы, прымалі актыўны ўдзел у закупе яблык — адначасова нарыхтоўваем і сельгаспрадукцыю. Сёлетні год на яблыкі быў асабліва ўраджайны, таму тэлефонных званкоў з прапановай забраць прадукцыю было даволі шмат. Нашыя тэлефоны вяскоўцы ведаюць. Вяртаючыся да другаснай сыравіны, адзначу, што ў параўнанні да мінулага года значна выраслі аб’ёмы нарыхтаванага намі шклобою, маецца прырост па макулатуры і поліэтылену. Таксама нарыхтоўваем лом чорных і каляровых металаў. Адзіная праблема — гэта тое, што прадпрыемствы, куды мы здаем сыравіну, на дадзены час неплацёжаздольныя і дрэнна разлічваюцца за пастаўленую прадукцыю. Дэбіторская запазычанасць райспажыўтаварыства, па стане на 1 лістапада, складае больш за 6 млрд. рублёў. Гэта дастаткова вялікія грошы, і ў сувязі з гэтым у нас маюцца некаторыя цяжкасці. Але ж гэта ніякім чынам не сказваецца на насельніцтве: мы адшукваем дадатковыя рэзервы і магчымасці, каб людзей, якія прадаюць нам сваю прадукцыю, своечасова, у момант здачы сыравіны, разлічыць.
— Разлік робіце грашыма ці прапаноўваеце ў натуральным, як кажуць, выглядзе? Пытаюся незнарок. У мінулым месяцы была на Брэстчыне і сутыкнулася з тым, што выбару вяскоўцам у гэтым плане не прадастаўлялася: за бульбу — грошы, за металалом — толькі прадукцыю спажыўтаварыства, і гэта, хачу адзначыць, успрымалася людзьмі не заўсёды станоўча.
— Мы абавязаны разлічваць грашыма, хоць прапаноўваем як варыянт і прадукцыю. З практыкі можна зрабіць выснову, што ў дзень нашага разліку з жыхарамі раёна ў гандлёвых кропках тых населеных пунктаў, дзе ён адбыўся, таваразварот павялічваецца. Гэта значыць, людзі не хаваюць атрыманыя грошы, а адразу ідуць у магазін і атаварваюць іх, набываюць што каму патрэбна.
— Вышэй Вы згадалі пра сельгаспрадукцыю. Якую дакладна на гэты час нарыхтоўваеце?
— Нарыхтоўваем мяса ад насельніцтва — свініну, ялавічыну; гародніну — бульбу, цыбулю, моркву, буракі, капусту; з садавіны — яблыкі. Таксама нарыхтоўваем дзікарослую ягаду, у прыватнасці, журавіны, брусніцы. Для грыбоў час ужо прайшоў.
— У райспажыўтаварыстве маецца, як Вы сказалі, два перасоўчых пункты прыёму другаснай сыравіны і сельгаспрадукцыі. Але як насельніцтва звязваецца з імі?
— Звязваецца праз нас, праз наш тэлефон. Мы прымаем заяўку і накіроўваем перасоўчы пункт у той ці іншы населены пункт. Да таго ж, як я ужо вышэй згадала, на гэтых аўто маецца рэкламны тэкст з указаннем, што гэта менавіта Бабруйскае райспажыўтаварыства, з пералікам прадукцыі, якую мы прымаем, з нумарамі тэлефонаў, куды можна звярнуцца, каб прадаць сыравіну. У дачыненні лому каляровых металаў, каб насельніцтву было больш зразумела, у тэксце пазначана, што гэта адпрацаваныя акумулятары. І калі такая машына праязджае па населеным пункце, вяскоўцам зразумела яе прызначэнне і нумары тэлефонаў, куды трэба патэлефанаваць, каб высветліць удакладняючую інфармацыю і зрабіць заяўку. Да прыкладу, на сёння заяўкі маюцца з аг. Кавалі — забраць бульбу, з Плёсаў — макулатуру і шклобой. Такім вось чынам і працуем.
— Вынікі любой справы, без сумнення, залежаць ад людзей, якія яе выконваюць. Мяркую, што і сярод нарыхтоўшчыкаў ёсць тыя, каго б сёння маглі вылучыць як найбольш сумленных, адказных і прынцыповых работнікаў?
— Хачу адзначыць, што па выніках работы за 2012 год лепшым нарыхтоўшчыкам быў прызнаны А.Э. Мірановіч, ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай Белкаапсаюза. Па выніках мінулага года — Т.М. Макась. Добра працуюць нарыхтоўшчыкі Д.М. Бабіч, А.А. Дубовік, А.У. Гошка, У.А. Фігурын і многія іншыя. Іх актыўнасць і ініцыятыўнасць, зацікаўленасць у выніках сваёй работы, вядома ж, садзейнічаюць выкананню даведзеных арганізацыі паказчыкаў па зборы сыравіны.
— Дзякуй, Алена Аляксандраўна, за размову. Жадаем поспехаў у выкананні пастаўленых задач.
Ад сябе хочацца дадаць: шаноўныя чытачы нашай газеты, перадаючы нарыхтоўшчыкам непатрэбную ў гаспадарцы макулатуру, шклобой, металалом, іншую другасную сыравіну, мы з вамі не толькі ўносім пасільны ўклад у падтрымку эканомікі краіны, але цывілізавана вырашаем пытанне чысціні зямлі, клапоцімся пра здароўе сваё і нашчадкаў. Давайце не забывацца на гэта.
Алена КАРПЕНКА.