Навядзем чысціню разам
Абкоска тэрыторый ад травы і пустазелля, бадай, ці не галоўная задача, якую ў летнюю пару даводзіцца вырашаць сельвыканкамам, тым больш што сёлета росту расліннасці надзвычай садзейнічае надвор’е.
У Слабодкаўскім сельсавеце, як адзначыў старшыня сельвыканкама А.У. Шэлег, задача ўскладнілася яшчэ і тым, што з-за павышанай эксплуатацыі некаторы час у сапсаваным стане знаходзілася бензакасілка. Аднак, каб не заставаліся неабкошанымі цэнтральныя вуліцы, да гэтай работы на час рамонту была прыцягнута тэхніка УКП “Жылкамгас”. Цяпер каса адрамантавана, і работы па абкосцы тэрыторый сельсавета ўласнымі намаганнямі адноўлены. Не застаюцца ў баку, па словах старшыні, і вяскоўцы. Жыхары, у асноўным, з разуменнем падыходзяць да свайго абавязку па ўтрыманні зямлі ў парадку. З тымі, хто гэтым грэбуе, праводзіцца тлумачальная работа.
Адначасова ў сельсавеце вядуцца работы па ўтрыманні ў належным стане могілак. На Варановіцкіх — адрамантавалі агароджу, у планах — ажыццявіць гэта на могілках в. Лекерта. Пры гэтым у мясцовай улады маюцца нараканні ў адрас некаторых гараджан, у асаблівасці тых, чые родныя і блізкія знайшлі свой апошні спачын на бярэзавіцкіх могілках: многія з іх не адносяць смецце ў спецыяльна адведзеныя для гэтых мэт месцы, чым ускладняюць работу тэхнікі, якая займаецца ўборкай. Між тым, могілкі — месца святое, і адносіны да яго ўтрымання павінны быць адпаведнымі.
Алена КАРПЕНКА.