Парупімся сёння — будзем мець заўтра
Нарыхтоўка сена, сенажу і сіласу — не адзіны клопат сельгасвытворцаў на гэтую пару. Адначасова з вырашэннем надзвычай важнай для раёна задачы па забеспячэнні грамадскай жывёлагадоўлі травяным кормам праводзяцца мерапрыемствы не меней стратэгічна значныя, накіраваныя на ахову пасеваў азімых і ярыны ад шкоднікаў, хвароб і пустазелля, для якіх вільготнае надвор’е з’яўляецца асабліва спрыяльным. Тое ж пустазелле, пры ўмове неапрацоўкі альбо несвоечасовай апрацоўкі пасеваў ядахімікатамі, здольна “заглушыць” культуру настолькі, што любыя спадзяванні на добры ўраджай будуць дарэмнымі. Тое ж самае і ў дачыненні хвароб.
З якой актыўнасцю ў гаспадарках займаюцца доглядам пасеваў, ці дастаткова ў раёне неабходных для дадзеных мэт сродкаў аховы, а разам з тым, як засцерагчы грады ўласных падсобных надзелаў ад штогоднай пагрозы — фітафтарозу (праблема на дадзеную пару асабліва актуальная) — з гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да галоўнага агранома Бабруйскай раённай інспекцыі па насенневодстве, каранціну і ахове раслін Г.М. Радчанкі.
— Галіна Мікалаеўна, якая дакладна работа па ахове раслін у арганізацыях раёна ўжо праведзена і што ў дадзеным накірунку прадпрымаецца менавіта на гэтым этапе?
— Практычна завершана хімічная праполка яравых зерневых і зернебабовых культур. Зараз вядзецца хімпраполка кукурузы, якую ў раёне выканалі на большай палове плошчаў. Правялі хімапрацоўку бульбы ад пустазелля. Што да цукровых буракоў, то іх праполку робім ужо па трэцім разе. І самае галоўнае — у нас вядуцца фунгіцыдныя апрацоўкі азімых і яравых зерневых супраць хвароб. На сёння завершана фунгіцыдная апрацоўка азімага рапсу. На яравым рапсе, на ўсёй яго плошчы, праведзена апрацоўка супраць шкоднікаў.
— Работа праводзіцца немалая, але ці дастаткова для гэтых мэт сродкаў аховы раслін у сельгасарганізацыях?
— Пакуль недастаткова. На сёння ў нас не хапае гербіцыдаў для апрацоўкі пасеваў кукурузы, для барацьбы з пустазеллем. Але пытанне на кантролі, спадзяемся, што ў бліжэйшыя дні гербіцыды ў раён паступяць, завязем іх з базы “Аграмашсервіса” г. Магілёва, а таксама ёсць дамоўленасць, што часткова прэпараты нам паставіць фірма ААТ “Франдэса”. Не дастае на гэты час таксама прэпаратаў для фунгіцыднай апрацоўкі ярыны, але і на іх пададзена заяўка, грошы на ядахімікаты пералічаны, чакаем, што ў хуткім часе пытанне вырашыцца станоўча.
— Напэўна можаце адзначыць гаспадаркі, дзе работа па ахове раслін наладжана лепш астатніх?
— Дастаткова актыўна вядуцца ахоўныя мерапрыемствы ў СВК “Гігант”, філіялах “Варатынь” ААТ “БЗТДіА” і “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік”. У іх практычна завершаны хімпраполкі, цалкам апрацавана кукуруза. У “Харчавіку-Агра” чыста праполатыя цукровыя буракі. Між тым, дадзеная культура — адна з тых, што патрабуюць не адной, а ўсе тры хімічныя праполкі. Каб пустазелле не абыйшло культуру ў росце, вельмі важна пазбавіцца ад яго своечасова. Філіял “Харчавік-Агра” з гэтай задачай справіўся: апрацаваў буракі тройчы.
— Раней, як памятаю, апрацоўка цукровых буракоў выконвалася паляводамі ўручную пры дапамозе няхітрай прылады. І задзейнічаны ў гэтым працэсе былі літаральна ўсе вяскоўцы, дарослым дапамагалі дзеці. У асобных раёнах да праполкі прыцягваліся служачыя. Цяпер ці існуе такі змардаваны — ведаю не па чутках — спосаб пазбаўлення ад пустазелля?
— Не. Можа хіба толькі дзе іншым разам на невялічкіх надзелах у тры, пяць сотак, дзе вырошчваецца гародніна. А так усё цалкам апрацоўваецца механізавана з прымяненнем ядахімікатаў.
— І ў заключэнне, Галіна Мікалаеўна, хацелася б пачуць ад вас як спецыяліста слушныя парады для аматараў-агароднікаў адносна таго, як засцерагчы ў хатніх умовах грады з бульбай, з памідорамі ад фітафтарозу. Якія прэпараты для гэтага прымяняць і з якой перыядычнасцю выконваць апрацоўку?
— Сапраўды гэтым часам і тэмпература паветра, і вільготнасць садзейнічаюць заражэнню раслін фітафтарозам. Таму падчас змыкання бульбы ў радках варта абавязкова зрабіць прафілактычную апрацоўку яе супраць гэтай хваробы. Пажадана выкарыстаць сістэмныя прэпараты, да прыкладу, Акрабат МЦ, Рыдаміл Голд, і паўтараць дадзеную апрацоўку праз 7-10 дзён. А падчас з’яўлення на раслінах першых плям фітафтарозу неабходна апрацаваць іх кантактнымі прэпаратамі тыпу Пенкацэб, Райдэкс . Калі надвор’е дастаткова вільготнае, як у гэтае лета, такіх апрацовак павінна быць не меней 4-5 з перыядычнасцю ў 7 дзён. Такім спосабам варта засцерагаць ад фітафтарозу і бульбу, і таматы, бо яны адносяцца да аднаго сямейства.
— Дзякуй, Галіна Мікалаеўна, за размову і за карысныя парады для нашых чытачоў.
Размову вяла
Алена КАРПЕНКА.