Перамога, аплочаная крывёю народа

З гераізму абаронцаў Радзімы і дзіцячых слёз, з мужнасці юнага змагара, які ішоў праз агонь, і боль маці, са светлых парыванняў і адчаю, з велічы духоўнай і мільёнаў пакут жыццё склала непаўторны малюнак, велічную панараму памяці народнай пра Вялікую Айчынную вайну.

Вайна была вялікая, бо змаганне разгарнулася сапраўды народнае. Перамога ў 45-м годзе таксама была Вялікая, бо яна аплочана крывёю народа. Вялікай яна застанецца назаўжды, таму што новыя пакаленні, верныя справе сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў, захаваюць гэтую Памяць і перададуць яе нашчадкам.
На працягу навучальнага года ў Міхалёўскім ВПК «Дзіцячы сад-СШ» валанцёрскі атрад “Міласэрднасць” актыўна прымаў удзел у акцыях “Ветэран жыве побач”, “З усмешкай у кожны дом”, “Кожнаму дому — міласэрднасць”, які аказваў пасільную дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай, пажылым, адзінокім людзям. Навучэнцы займаліся добраўпарадкаваннем воінскіх захараненняў. У класах прайшлі адзіныя гадзіны памяці “Нам гэты мір належыць берагчы”, конкурсы дзіцячага малюнка “Вайна вачыма дзяцей”, конкурс на лепшага чытача “Памяць”.
8 мая адбыўся мітынг, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Піянеры каля братскай магілы і помніка воіну-вызваліцелю арганізавалі вахту “Памяць”. На ўрачыстай лінейцы вучняў 5 класа прынялі ў піянеры. Пасля клятвы, дадзенай навучэнцамі, старшыня Бартнікоўскага сельскага выканаўчага камітэта, дырэктар установы адукацыі, вэтэраны павязалі ім піянерскія гальштукі. Юным піянерам далі наказ берагчы і шанаваць мір на Зямлі.
Наталля Бухал,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Міхалёўскага ВПК «Дзіцячы сад-СШ».