Масленіца, масленіца — бліном паласавіцца
…Пад такім дэвізам у суботу прайшло свята “Масленіца” ў Гарбацэвіцкай сярэдняй школе. Гэта свята ў народным календары займае асобнае месца. Нашы продкі ўспрымалі яго як пачатак новага жыцця і ўшаноўвалі сонца, што абуджае ўсё жывое. Масленіца — традыцыйнае свята нашага народа, неад’емная частка яго культуры. Святкаванне Масленіцы з’яўляецца традыцыяй і ў нашай школе.
У падрыхтоўцы гэтага свята прымалі ўдзел вучні ўсёй школы. Праграма складалася з трох частак: “Конкурс гаспадароў”, “Народныя прыпеўкі”, “Масленічныя забавы”. Свята прайшло ў атмасферы радасці. Рабяты мелі магчымасць далучыцца да вытокаў мінулага, векапомных традыцый свайго народа. Па старой славянскай традыцыі былі святочна ўстаўленыя сталы, на якіх галоўны пачастунак — бліны.
Вядучыя 9-класнікі Юля Зубракова і Саша Дрозд пазнаёмілі вучняў з абрадам правядзення Масленіцы. Затым вучні пелі прыпеўкі, паказвалі інсцэніроўкі, танцавалі, спявалі. Гасцям былі прапанаваны бліны з варэннем, з медам, пірагі, дранікі, бублікі, духмяны чай, і самае галоўнае — вясёлы настрой.
Вучні былі ўдзельнікамі міні-конкурсаў: “Хадулі”, “Бой падушкамі”, “Наезнікі”, “Сілачы” і іншыя. У некаторых з іх ад жадаючых не было адбою, прымалі ўдзел нават і настаўнікі.
Уражанне аб гэтым свяце нікога не пакінула раўнадушным. Дзякуючы гэтаму святу, вучні нашай школы па-іншаму вучацца глядзець на народныя традыцыі і абрады нашай краіны.
Святлана Кур’яновіч,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Гарбацэвіцкай школы.