Гасцінная краіна — мая Айчына Беларусь
2014 год у Беларусі аб’яўлены Годам гасціннасці. Указам Прэзідэнта падкрэсліваюцца асноўныя мэты: развіццё турызму, знаёмства з прыроднымі, гістарычнымі і культурнымі багаццямі Беларусі, выхаванне ў грамадзян пачуцця патрыятызму, гонару і павагі да Бацькаўшчыны. Абвешчаны год сярод шматлікіх іншых накірункаў акцэнтуе ўвагу і на такія значныя юбілейныя даты як 70-годдзе вызвалення Магілёўшчыны і Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, свята Дня Рэспублікі. Першаадкрыццём для Беларусі будзе і падзея міжнароднага значэння — матчы чэмпіяната свету па хакеі.
Менавіта традыцыям гасціннасці быў прысвечаны Дзень нацыянальнай гасціннасці “Гасцінная краіна — мая Айчына Беларусь”, які быў арганізаваны бібліятэкарамі цэнтральнай раённай бібліятэкі навучэнцам Бабруйскага дзяржаўнага тэхналагічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа і ўдзельнікам клуба маральна-прававых ведаў “Узрост”. Гасцям бібліятэкі была прапанавана выстава-запрашэнне “Сардэчна запрашаем у гасцінную Беларусь!”, на якой былі прадстаўлены кнігі, якія расказвалі аб помніках гісторыі, культуры і прыроды нашай зямлі: Мемарыяльным комплексе в. Сычкава, Бабруйскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі в. Сычкава, Свята-Нікольскім храме і іншых аб’ектах экскурсійнага паказу: Бабруйск — вёскі Цялуша Глуша, Панюшкавічы. Асобным раздзелам прадстаўлены помнікі і маляўнічыя краявіды Бабруйшчыны ў кнігах, буклетах, фота. Прыцягвалі ўвагу слухачоў літаратурная карта раёна “Мая Бабруйшчына зялёная…” і прыгожа аформлены даведнік-запрашэнне па аб’ектам аграэкатурызму Бабруйшчыны “Зялёны турызм на Бабруйшчыне”.
Пазнаёміць моладзь з гісторыяй традыцыйнай нацыянальнай гасціннасці спрыяў тэатралізаваны ўрывак “Госць на парог — пачастунак на стол” і выстава-інсталяцыя прадметаў набораў ганчарнай пасуды майстра народнай творчасці Юрыя Боўды “Мастацтва гліны і агню”. Дзень гасціннасці прадоўжыла электронная прэзентацыя “Турыстычнымі сцежкамі Бабруйшчыны”, відэахвіліна “Мой любімы родны горад Бабруйск — сталіца фестываляў”, экскурсія па залах бібліятэкі.
У рамках Года гасціннасці ў ДУК “Цэнтралізаваная бібліятэчнай сетка Бабруйскага раёна” распрацаваны план мерапрыемстваў: тыдзень краязнаўства і турызму “Турызм — рамантыка душы”, тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі “Захоўвай кніга, агонь Перамогі!”, тыдзень рэкламы бібліятэкі “Завітайце ў бібліятэку!”, конкурс творчых работ “Доблесць продкаў — нашчадкам у спадчыну” і шмат іншых мерапрыемстваў.
Галіна Буткевіч,
намеснік
дырэктара ДУК “ЦБС Бабруйскага раёна” па рабоце з дзецьмі.