Адбылася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты
20 лютага адбыліся пасяджэнні Бабруйскай раённай і акруговай выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў, падчас якіх адбылася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты.
Раённай выбарчай камісіяй, як паведаміў яе старшыня В.М. Казлоў, прынята рашэнне зарэгістраваць кандыдатамі ў дэпутаты Бабруйскага раённага Савета дэпутатаў 81 грамадзяніна — усіх тых, хто падаў у камісію неабходныя для дадзенай працэдуры дакументы. Апошнія членамі камісіі былі дасканала правераны, усе выкладзеныя ў іх звесткі пацвердзіліся і не супярэчаць рэгістрацыі. Такім чынам, на 40 акругоў зарэгістраваны 81 кандыдат: у 39 акругах прэтэндуюць на дэпутацкі мандат па 2 кандыдаты, у 1-й — Вішнёўскай № 9 — 3 кандыдаты.
У гэты ж дзень прайшлі пасяджэнні сельскіх выбарчых камісій, падчас якіх кандыдатамі ў дэпутаты сельскіх Саветаў дэпутатаў зарэгістравана 234 чалавекі.
Рашэннем Бабруйскай акруговай выбарчай камісіі па выбарах дэпутата Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў — пасяджэнне камісіі таксама адбылося 20 лютага — кандыдатамі ў дэпутаты аблсавета, па словах старшыні акруговай выбарчай камісіі Я.У. Доўнар, зарэгістраваны 3 чалавекі. Усе з тых, хто выказаў жаданне балатавацца ў дэпутаты і падаў у камісію неабходныя для рэгістрацыі дакументы.
Такім чынам важны этап кампаніі завяршыўся, і з учарашняга дня кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў усіх узроўняў прыступілі да агітацыйнай работы.
Алена КАРПЕНКА.