Жыццё дало багатыя плады
Аналізуючы жыццёвае “дрэва” 97-гадовай жыхаркі Варатыні Марыі Васільеўны Заруба, падлічваючы яго шматлікія “галінкі” і “лісточкі”, прыгадваю свайго дзеда Івана, які пры любым зручным і, як мне тады здавалася, нязручным выпадку любіў пахваліцца субяседніку на сваё багацце: пяцёра дзяцей, 14 унукаў і 20 праўнукаў. Уся дзедава сям’я, разам з ім самім і бабуляй, налічвала 41 чалавек толькі кроўных родзічаў. Дзед хваліўся намі, рабіў гэта “са смакам”, з упэўненасцю, што крыць такі “козыр” яго суразмоўцу будзе нечым. І я, малая, таксама налівалася гордасцю, што такой вялікай і дружнай сям’і, як у майго дзеда, яшчэ пашукаць трэба.
… У Марыі Васільеўны, якая на мінулым тыдні адзначыла 97-ы дзень нараджэння, “дрэва” аказалася яшчэ больш разгалінаваным і пладавітым. Даўшы жыццё пяцёра дзецям, яна цяпер багатая на 16 унукаў, 31 праўнука і ўжо 14 прапраўнукаў. Сям’я ў 65 чалавек — адразу нават і не асэнсуеш! А ў многіх жа ёсць яшчэ і “другія палавінкі”, якія з часам, як гэта звычайна бывае, становяцца такімі ж сваімі і роднымі.
Між тым, жыццёвая дарога Марыі Васільеўны не была гладкай. Давялося спазнаць і голад, і холад, і нямецкія краты, перажыць нялёгкае пасляваеннае аднаўленне, страту родных, узваліць на свае плечы не па-жаноцку цяжкую працу…
Большасць свайго жыцця жанчына правяла ў вёсцы Коўрын Варатынскага сельсавета, куды са Жлобіншчыны пайшла замуж. Было гэта яшчэ да вайны. Жылі яны тады з мужам Уладзімірам Дзмітрыевічам у доме ягоных бацькоў, не цураліся, як і ўсе людзі іх пакалення, ніякай сялянскай справы. Улетку апрацоўвалі поле, хадзілі за жывёлай. У халодную пару жанчыны ў асноўным пралі кудзелю, ткалі палатно, абшывалі ўсю сям’ю адзежай. Там жа, у Коўрыне, сям’я Заруба сустрэла страшную вестку пра пачатак вайны.
— Сярод людзей была паніка, — згадвае Марыя Васільеўна. — Пужала нязведанае — што будзе з намі, з роднымі, якія ішлі на фронт, як будзе вырошчваць хлеб, гадаваць дзяцей? І была ўпэўненасць, што гэта ненадоўга.
Утрымлівае памяць старой жанчыны і той дзень, як ім з мужам, разам з іншымі аднавяскоўцамі, загадалі збірацца ў дарогу, і тое, як нялёгка, штодня чакаючы смерці, прыйшлося бавіць час за кратамі ў лагеры смерці “Азарычы” з немаўляці на руках, дзе Марыя Васільеўна нарадзіла сваю першую дачку Любу. І тое, з якой радасцю і слязьмі на вачах сустрэлі яны сваё вызваленне. Памяць, нягледзячы на гады, утрымлівае ўсё яскрава, але гаварыць і згадваць пра той час жанчыне балюча і дагэтуль.
Надзвычай нялёгкімі былі і пасляваенныя гады. Першы час пасля таго як вярнуліся з Азарычаў — па словах жанчыны, у сакавіку 1944-га — давялося жыць у часовым збудаванні, накшталт зямлянкі. Пазней пабудавалі ўласны дом. Каб яго ўзвесці, працавалі ў калгасе не пакладаючы рук. Спачатку Марыя Васільеўна была паляводам. Праца гэтая ня ўровень цяперашняй: сеялі, палолі, а затым збіралі ўраджай уручную, не зважаючы на працягласць дня і надвор’е. Адно за адным нарадзілася яшчэ чацвёра дзяцей: двое сыноў і дзве дачкі. Праз некаторы час паляводчую справу Марыя Васільеўна змяніла на жывёлагадоўлю: разам з мужам хадзілі за калгаснымі свіннямі. Уладзімір Дзмітрыевіч гатаваў жывёле бульбу, а сама яна завіхалася ў хляве. Яшчэ пазней жанчыне прапанавалі стаць даяркай — і гэтую работу яна з лёгкасцю асвоіла. Працоўнага стажу хапіла спаўна, каб пайсці на заслужаны адпачынак у 50-гадовым узросце. Але і гэтая акалічнасць не прымусіла Марыю Васільеўну заняцца толькі хатнімі клопатамі: на пенсіі яшчэ не адзін год працавала ў калгасе цялятніцай. Дома таксама заўсёды чакала догляду вялікая сялянская гаспадарка.
Давялося перажыць жанчыне і горыч страт: аднаго сына ў падлеткавым узросце забрала хвароба, не дажыў да дзён сённяшніх другі.
Згадваючы пражытае, маладыя гады, Марыі Васільеўне іншым разам нават не верыцца, што яна столькі магла перарабіць за дзень спраў і ніколі на гэта не наракала: была маладой і здаровай і імкнулася, каб яе сям’я, яе дзеці жылі не горш астатніх: былі накормленыя і апранутыя.
Вось ужо на працягу шаснаццаці год, пасля таго як пайшоў з жыцця муж Уладзімір Дзмітрыевіч, жанчына жыве ў Варатыні, у сям’і наймалодшай дачкі Соф’і. Але не забывае свой Коўрын, часта згадвае яго ва ўспамінах пра маладосць, родную хату, час ад часу наведваецца туды ў госці да дочак. Цяперашнім сваім жыццём Марыя Васільеўна задаволена: мае добрую пенсію, адчувае сябе дагледжанай роднымі і з радасцю сустракае тых, каму дала жыццё і для каго з’яўляецца моцным “коранем”. Не абыйшоўся без гасцей і 97-ы дзень нараджэння, падчас якога адведаць роднага чалавека, пажадаць здароўя і бадзёрасці прыйшлі і прыехалі дзеці, унукі і праўнукі — шматлікія “галінкі” і “лісточкі” яе квяцістага дрэва жыцця.
Алена КАРПЕНКА.
Фота з сямейнага архіву.