Здароўе чалавека — багацце грамадства
Самай вялікай цэннасцю з’яўляецца чалавечае жыццё. Кожны з нас — часцінка грамадства, і калі смерць заўчасна і бязлітасна забірае жыцці маладых людзей, гэта пагражае ўсяму чалавецтву на Зямлі. Сёння СНІД не проста хвароба, а эпідэмія, якая ахапіла ўсе краіны свету і кантыненты.
Бібліятэкары аб’ядноўваюць свае намаганні ў напрамку фарміравання ў карыстальнікаў здаровага ладу жыцця, адмоўных адносін да СНІДу, адказных паводзін да свайго здароўя як важнейшай каштоўнасці разам з медыцынскімі работнікамі, настаўнікамі, прадстаўнікамі праваахоўных органаў.
Штогод формы і метады работы па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі ўдасканальваюцца, бібліятэкі прапануюць новыя формы інфармавання: інфарміны, адкрытыя мікрафоны, круглыя сталы, сітуацыйна-пазнавальныя гульні і іншыя.
Так, да Сусветнага дня прафілактыкі СНІДу цікавым і насычаным атрымаўся Дзень праблемнай размовы “Скажы СНІДу “НЕ!”, які быў арганізаваны для навучэнцаў вучылішча алімпійскага рэзерву і членаў клуба маральна-прававых ведаў “Узрост”. У мерапрыемстве прыняла ўдзел урач-валеолаг Бабруйскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Аксана Дабравольская, якая расказала аб праблеме ВІЧ/СНІДа ў горадзе і раёне, аб шляхах яго перадачы, правяла з падлеткамі гульню-тэст аб мерах бяспекі. Удзел спецыяліста даў магчымасць весці адкрыты дыялог з залай, бо толькі ён валодае поўнай інфармацыяй і здольны адказаць на самыя разнастайныя пытанні. Праграму Дня склалі: гадзіна-асэнсаванне “Ведай пра СНІД усё”, выстава-зварот “СНІД — трагедыя нашага стагоддзя”, выстава плакатаў ад Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі “Скажы НЕ!”. Удала дапоўніў мерапрыемства экспрэс-агляд “Ці многа вы ведаеце пра СНІД”, які падрыхтавалі і правялі загадчыца аддзелам абслугоўвання цэнтральнай бібліятэкі Жанна Плышэўская і бібліятэкар вучылішча алімпійскага рэзерву Н.М. Спірына.
У рамках Дня праблемнай размовы для самых юных карыстальнікаў бібліятэкары прадставілі электронную прэзентацыю “Девочке Даше, мальчику Саше о беде по имени СПИД” па кнізе Г. Трафімавай, для моладзі — слайд-гутарку ”Яны многае не паспелі”, пра вядомых людзей, жыццё якіх абарвалася з-за СНІДа. Ва ўсіх бібліятэках раёна аформлены кніжныя выставы і тэматычныя паліцы па дадзенай тэме.
Галіна Буткевіч,
намеснік дырэктара бібліятэчнай сеткі Бабруйскага раёна.